Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш: “Мы будзем працягваць выступаць за свабоду ў Беларусі”


Кастусь Бандарук, Прага Учора ўвечары, паводле мясцовага часу, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выступіў у Кангрэсе са штогадовым пасланьнем да народу. Прэзыдэнт заклікаў амэрыканцаў не губляць веры ў посьпех вайны ў Іраку і падтрымаць новую стратэгію Белага дому ў барацьбе з тэрарызмам.

Упершыню ад часу знаходжаньня на пасадзе Джордж Буш прамаўляў да Кангрэсу, у якім большасьць маюць дэмакраты, і ягонае выступленьне было значна больш памяркоўнае, чым ранейшыя пасланьні. Вайна ў Іраку, паводле Буша, зьяўляецца часткай “ідэалягічнай вайны” з ісламскім экстрэмізмам, ад выніку якой залежыць бясьпека ЗША. Ён заклікаў падтрымаць плян накіраваньня ў Ірак дадатковых 21-у тысячу вайскоўцаў, паколькі ірацкія сілы не ў стане гарантаваць бясьпеку ў Багдадзе і па ўсёй краіне.

Буш: “Суграмадзяне. Нашы камандзіры і я дакладна ўзважылі розныя варыянты і абмеркавалі розныя падыходы. Урэшце рэшт мы абралі шлях дзеяньня, паколькі ён дае найболей шанцаў на посьпех. Многія ў гэтай залі разумеюць, што Амэрыка ня можа прайграць у Іраку, бо вы разумееце, што наступствы правалу былі б жахлівымі і далёкасяжнымі”.

Буш адзначыў, што ў выпадку занадта сьпешнага выхаду ЗША з Іраку краіна абрынецца ў хаос, і, апанаваная экстрэмістамі, стане пляцдармам для наступных нападаў на Амэрыку і амэрыканскія аб’екты па ўсім сьвеце. Буш заклікаў Кангрэс ухваліць павялічэньне Ўзброеных сілаў ЗША на 92 тысячы вайскоўцаў і сфармаваньне спэцыяльнай кансультацыйнай рады ў справе барацьбы з тэрарызмам ў складзе прадстаўнікоў абедзьвюх партыяў ў Кангрэсе. “Мы пакажам нашым ворагам за мяжою, што мы аб’яднаныя дзеля перамогі,”- сказаў Буш, зьвяртаючыся найперш да апанэнтаў з ліку дэмакратычнай большасьці у Кангрэсе.

Джордж Буш таксама абяцаў, што ЗША будуць праводзіць актыўную палітыку на Блізкім Ўсходзе, у дачыненьні да ядзерных праграмаў Ірану і Паўночнай Карэі, а таксама ў пытаньні несвабодных і нестабільных краін сьвету.

Буш: “Мы будзем працягваць выступаць за свабоду ў такіх месцах як Куба, Беларусь і Бірма і надалей абуджаць сумленьне сьвету, каб выратаваць насельніцтва ў Дарфуры”.

У духу надпартыйнай згоды Буш гаварыў таксама пра ўнутраныя праблемы краіны і выступіў з ініцыятывамі, якія маюць найбольшыя шанцы падтрымкі з боку дэмакратаў. Ён заклікаў да збалянсаваньня бюджэту, да гарантаваньня ўсім амэрыканцам мэдычнай страхоўкі, да зьмены іміграцыйнай палітыкі і дазволу на часовую легальную працу імігрантам у ЗША. На думку аглядальнікаў, самым нечаканым было тое, што абшырны фрагмэнт свайго пасланьня Буш прысьвяціў энэргетычных праблемам. Ён прапанаваў цягам 10 гадоў зьменшыць на 20% спажываньне паліва ў ЗША, шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі, каб зьменшыць залежнасьць краіны ад імпарту нафты з раёну Пэрсіцкай Затокі і гэтым самым карысна паўплываць на навакольнае асяродзьдзе.
XS
SM
MD
LG