Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што напісана на тварах беларускіх урадоўцаў?


Юры Дракахруст, Прага Ва ўчорашніх заявах Аляксандра Лукашэнкі прагучала крытыка ня толькі на адрас Расеі, але ўскосна – і на адрас беларускіх урадоўцаў.

“Сёньня ўрад мусіць змагацца, а ня склейваць ласты і крычаць “караўл,” – сказаў учора Аляксандр Лукашэнка. Калі, паводле яго, урад не мае намеру прымаць тэрміновыя захады і выконваць загады прэзыдэнта, “дык давайце пагадзімся на ўмовы Расеі і станем яшчэ адным штатам або рэгіёнам Расейскай Фэдэрацыі”.

Калі ўрад павінен змагацца, а не, кажучы вобразнай мовай Лукашэнкі, склейваць ласты, то відаць у змагарным імпэце ўрадоўцаў існуюць пэўныя сумневы.

"Як жа Лукашэнка дастаў"

Магчыма, гэтыя заява – падрыхтоўка грамадзкай думкі да таго, што некаторыя з кіраўнікоў ураду будуць абвінавачаныя ў эканамічных цяжкасьцях і няздольнасьці адстойваць беларускія нацыянальныя інтарэсы на перамовах з расейцамі і адпраўленыя ў адстаўку. Такой думкі прытрымліваюцца некаторыя назіральнікі. Дарэчы, учора на нарадзе па энэргетычных пытаньнях Лукашэнка наўпрост прыгразіў адстаўкамі тым, хто ня здолее зрабіць належнае ў цяперашняй сытуацыі.

Але ёсьць і іншая інтэрпрэтацыя. Ня выключана, што кіраўнік дзяржавы сутыкнуўся з супольнай рэакцыяй чынавенства, якое ня хоча і проста баіцца весьці такія рызыкоўныя гульні з Масквой, “халодную ці гарачую вайну”, як сказаў учора сам Лукашэнка. Паводле назіраньня аглядальніка “Ізвестій” Максіма Сакалова, на тварах беларускіх чыноўнікаў , якія вялі перамовы ў Маскве, была напісана не гатоўнасьць біцца з расейскімі партнэрамі да апошняга, а сумнае “Як жа Лукашэнка дастаў”.

Беларускім урадоўцам цяжка перабудавацца

Чытаньне па тварах наўрад ці дае аб’ектыўную ацэнку, але варта прыгадаць, што Сяргей Сідорскі, калі вёў перамовы ў Маскве па нафце, назваў “натуральным” тое, што расейскія бізнэсоўцы не плацілі ўсталяванае беларускім ўрадам транзытнае мыта на нафту. Звычайна на перамовах сваю пазыцыю так проста і лёгка не здаюць.

Але такія паводзіны ў пэўным сэнсе заканамерныя. Менавіта палітыка Лукашэнкі ізалявала Беларусь ад Захаду і беларускія ўрадоўцы, ведучы перамовы з расейскімі калегамі, ня мелі магчымасьці абаперціся на якую б то ні было міжнародную падтрымку. А па-другое, беларускае чынавенства, як і беларускае грамадзтва, апошнія 13 гадоў выхоўвалася на заявах аб братэрстве і хуткім аб’яднаньні з Расеяй. І зараз , калі трэба адстойваць беларускія інтарэсы насуперак расейскім, беларускім ўрадоўцам цяжка перабудавацца.

Беларусь усё больш будзе мяняць свой нацыянальны праект

Што можа азначаць учорашняя заява Лукашэнкі пра “халодную ці гарачую вайну” з Расеяй – ці гэта , так бы мовіць, прыгажосьці стылю ці сапраўды перагляд той палітыкі адносна Расеі, якую прэзыдэнт Беларусі вёў 13 гадоў?

Я прывяду меркаваньне расейскага палітоляга Станіслава Бялкоўскага, імпэрыяліста, як ён сам сябе называе, але добрага аналітыка: “Беларусь будзе ўсё больш мяняць свой нацыянальны праект. На саюзнай дзяржаве пастаўлены крыж, Аляксандар Лукашэнка вымушаны перайсьці да фарсіраванай пабудовы нацыянальнай дзяржавы насуперак саюзнай дзяржаве, Савецкаму саюзу ў мініяцюры, што было сьцягам яго палітыкі на працягу амаль 13 гадоў».

Можа, Бялкоўскі і прысьпешвае падзеі, але пабудова нацыянальнай дзяржавы выглядае практычнай неабходнасьцю: калі сэнс дзяржаўнага існаваньня Беларусі – гэта туга па СССР і падрыхтоўка да аб’яднаньня з Расеяй, то, у прыватнасьці, ад чыноўнікаў і ня варта чакаць, што яны будуць жорстка адстойваць беларускія інтарэсы ў спрэчках з той самай Расеяй.
XS
SM
MD
LG