Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бацькоў актывісткі "Маладога фронту" пагражаюць забраць дзіця


Любоў Лунёва, Менск Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” адзначаюць, што цягам апошніх дзён узмацніўся ціск на актывістаў арганізацыі. Падчас прэсавай канфэрэнцыі маладафронтаўцы паведамілі пра розныя мэтады ціску, якія ўжываюць да іх спэцслужбы.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук паведаміў: цягам апошніх двух тыдняў толькі ў Менску шасьцёх сябраў арганізацыі выклікалі на размову ў КДБ. Яшчэ некалькіх непаўнагадовых запрашалі ў кабінэт дырэктара навучальнай установы на так званыя прафіляктычныя размовы. 17-гадовай Ганне Шапілавай, якая вучыцца ў ліцэйскай фізыка-матэматычнай клясе віцебскай школы, пагражаюць, што перавядуць у звычайную клясу, калі тая ня спыніць сваёй дзейнасьці.

Ганна распавяла “Свабодзе”, што яе сяброўцы Алене Багданавай даводзіцца яшчэ цяжэй.

Шапілава: “У сям’і Алены Багданавай даглядаецца дзіця, якога бацькі ўзялі ў дзіцячым доме. Дзіця ўсе любяць, і ў яго ёсьць усе ўмовы для жыцьця. Ён у сям’і ўжо трэці год. Ды міліцыянтам усё роўна. Яны прыходзілі і казалі, што адбяруць дзіця і пазбавяць бацькоў Алены правоў. Алена Багданава – актывістка “Маладога фронту”. Гэта папросту такі псыхалягічны ціск на бацькоў, каб яны прымусілі Алену спыніць сваю дзейнасьць”.

Валер Мацкевіч, старшыня Бабруйскай філіі “Маладога фронту”, распавёў, што ў дачыненьні да актывістаў арганізацыі сталі ўжываць розныя мэтады ціску.

Мацкевіч: “Ужываюць ня толькі адкрытыя рэпрэсіі, але й робяць такія захады, як уплыў праз ваенкамат, праз адміністрацыю школы. Нашых сябраў тэрмінова адлічалі з навучальных устаноў. Спэцслужбы папярэджвалі адміністрацыі ўнівэрсытэтаў, што яны мусяць перадаваць дадзеныя адразу ў ваенкамат, каб актывісты не пасьпелі скарыстацца магчымасьцю навучацца па-за межамі краіны”.

Маладафронтаўцы адзначылі: з шасьці палітвязьняў трое – Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч -- зьяўляюцца актывістамі арганізацыі. Прычым, Зьміцер Дашкевіч пазбаўлены волі менавіта за ўдзел у “Маладым фронце”. Супраць Сержука Гумінскага завялі крымінальную справу за графіці. Днямі яе перададуць у Аршанскі гарадзкі суд.
XS
SM
MD
LG