Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліўныя пэрспэктывы Беларусі – птушыны памёт і рапсавая салярка


Ігар Карней, Менск Дэпартамэнт энэргаэфэктыўнасьці Дзяржстандарту Беларусі распрацаваў комплекс захадаў, якія павінны дапамагчы эканоміцы ва ўмовах новых коштаў на газ і нафтапрадукты. Сярод ноўшасьцяў – адмова ад спажываньня мазуту і бытавога пячнога паліва і пераход ня мясцовыя віды і другасныя энэргарэсурсы. Як высьветліў наш карэспандэнт, у шэрагу раёнаў газавыя кацельні ўжо цяпер пераведзены на ацяпленьне дровамі, а ў бліжэйшых плянах – выкарыстаньне ў якасьці паліўнай сыравіны гною і птушынага памёту, а таксама рапсавага алею замест саляркі. Апроч таго, сам Аляксандар Лукашэнка перакананы, што выратаваньнем для Беларусі стане будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Ужо сёлета ад мясцовых відаў паліва мусіць быць забясьпечана 60% аб’ёму вытворчасьці цеплавой энэргіі і падачы гарачай вады. Шэраг кацельняў на Гарадзеншчыне ўжо пераведзены з газу на дровы. Расказвае жыхарка Смаргоньскага раёну Людміла Лабко.

Лабко: “У нашым раёне кацельні, якія былі пераведзены на газ (у Вішнёве, Жодзішках), зачынілі. Мабыць, не назаўсёды, але абсталяваньне, катлы закансэрваваны і пераведзены на ацяпленьне дровамі. Дровамі, выходзіць, таньней, чым газам. А дроў цяпер хапае: шмат усялякага буралому ў лесе. І ўсе гэтыя кацельні цяпер працуюць на дровах. Пытаньне не стаіць, каб усю гэтую сыстэму газавую разбурыць. Але пакуль прызвычаімся да гэтых новых коштаў, відавочна, будзем грэцца ад дроў”.

Праўда, нібыта, бясплатны сухастой лесьнікі ўсім ахвотным расьцягваць не даюць. Як кажа спадарыня Лабко, нават за вываз ламачча ад наступстваў ураганаў трэба папярэдне плаціць.

Лабко: “Калі людзі бяруць у лесе дровы, то яны абавязкова плацяць. За буралом таксама -- тут розьніцы няма, бо гэта ўсё роўна каштуе грошай. Бясплатнага няма: усе плацяць лясьніцтву, там даюць квіткі і тады аплачаны аб’ём вывозяць. Любая драўніна (ці яна старая, ці, як кажуць нежывая), у любым выпадку мае кошт”.

Складана ў новых умовах выжываць аб’ектам культуры, кінутым фактычна на самавыжываньне. У Доме-музэі расейскага мастака Ільлі Рэпіна ў Здраўнёве пад Віцебскам кажуць, што гэтай зімой вялікіх праблем, быццам, яшчэ й не паўставала. Аднак надыходу сапраўднай зімы чакаюць зь непакоем. Гаворыць супрацоўніца музэю Дзіна Клычова.

Клычова: “Расейскія таварышы не дапамагаюць нічым, хоць маглі б больш увагі надаваць свайму знакамітаму земляку. Свае таксама ня песьцяць. Ня тое, што дрэнна зусім, але зімой, канечне, зімнавата. Дом жа вялікі, а мы змушаны працаваць круглы год. Ацяпляемся ня газам, а дровамі. Трымаем кацельню, якая працуе на дровах. Матэрыяльна ніхто не падтрымлівае, бо мы чыста бюджэтная арганізацыя. Фундатараў гэтаксама няма”.

Актыўна шукаюцца альтэрнатывы ня толькі ацяпленьню, але й паліву. Сёлета заплянавана будаўніцтва вытворчасьцяў у выпуску так званага біяпаліва -- замены саляркі, у якім асноўным інгрыдыентам ёсьць рапсавы алей. Адзін завод запрацуе на базе гарадзенскага аб’яднаньня “Азот”, другі – у Наваельні Дзятлаўскага раёну.

На базе Міжнароднага экалягічнага ўнівэрсытэту імя Сахарава ў Волме пад Менскам створана дэманстрацыйная пляцоўка крыніцаў энэргіі, якія маюць уласьцівасьць аднаўляцца. Паводле навукоўцаў, найбольшы эканамічны эфэкт ува ўмовах Беларусі могуць мець біяэнэргетычныя і біягазавыя ўстаноўкі. У краіне шмат буйных жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык, на выкідах якіх здольны працаваць устаноўкі магутнасьці ад 500 да 1500 кіляват. Гэтай энэргіі дастаткова, каб забясьпечыць патрэбы сярэдняга мястэчка. З эканамічнага гледзішча праект выгодны яшчэ й тым, што паліўная сыравіна – гной і птушыны памёт – абсалютна бясплатныя, а яго запасы рэгулярна аднаўляюцца (прычым, у вялізнай колькасьці).
XS
SM
MD
LG