Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Навумаў: "У нас няма палітычных вязьняў" (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў правёў традыцыйную прэсавую канфэрэнцыю з вынікаў мінулага году. Аднак пыталіся ў яго таксама й пра магчымасьць вызваленьня палітычных вязьняў, пра ўдзел міліцыі ў выбарчай кампаніі і нават пра ягоны загарадны дом.

Уладзімеру Навумаву прыгадалі прапанову старшыні ПАРЭ Ван дэр Ліндэна адносна палітычных вязьняў у Беларусі: вызначыцца з дапамогай незалежных экспэртаў, ці ёсьць палітычнай справа Аляксандра Казуліна ды іншых апазыцыянэраў. Дык ці гатовы міністар унутраных спраў прыняць групу экспэртаў з Эўропы і пагадзіцца зь іх высновамі адносна спраў апазыцыянэраў? — спыталі ў Навумава.

Навумаў: "Я адказваю за выкананьне закону і ўнутраную бясьпеку краіны, а не за супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку эўрапейскімі, у тых ці іншых напрамках. Я раней ужо казаў: у нас цяпер няма асуджаных за справы, зьвязаныя з палітыкай. Зазвычай гэтыя грамадзяне, пра якіх вы кажаце, адбываюць пакараньні альбо за хуліганскія дзеяньні, альбо за парушэньні грамадзкага парадку".

Нагадаю: паводле спадара Рэнэ ван дэр Ліндэна, на ўсе патрабаваньні да беларускіх уладаў выпусьціць на волю палітзьняволеных афіцыйныя асобы Беларусі адказваюць, што такіх у краіне няма.

Міністар унутраных спраў таксама заявіў, што міліцыя падчас нядаўніх выбараў у мясцовыя саветы “не выконвала палітычных загадаў супраць апазыцыі”. “Хай не парушаюць правілаў дарожнага руху”, — пракамэнтаваў Уладзімер Навумаў шматлікія затрыманьні супрацоўнікамі ДАІ лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ў ягоных паездках па Беларусі часам выбарчай кампаніі.

Паводле справаздачы спадара Навумава, каля 70% злачынстваў у краіне зьвязана з маёмасьцю. Не абмінулі журналісты й тэмы ўласнасьці самога міністра: спыталі адносна будаўніцтва катэджу ў прэстыжным пасёлку Дразды, непадалёк ад рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы. Катэджу ў памянёным прэстыжным раёне, пад забудову якога ўзяў крэдыт 75 тысяч даляраў на 10 гадоў, міністар яшчэ не дабудаваў. Але ён ня мае сумневу, што разьлічыцца за крэдыт: заробак за месяц у яго складае 2 тысячы даляраў плюс прэміі.

Асноўная тэма прэсавай канфэрэнцыі міністра прысьвячалася барацьбе са злачыннасьцю ў 2006-м годзе. Міністар адрапартаваў, што злачыннасьць крыху зьнізілася, хаця ў агульных лічбах застаецца прыкметнай – болей за 190 тысяч злачынстваў за год. Зь іх толькі палова раскрытыя, хаця сярод цяжкіх злачынстваў раскрывальнасьць узрасла да 76%.
XS
SM
MD
LG