Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка, можа, большы абаронца незалежнасьці, чым усе вашы Пазьнякі і Вячоркі, разам узятыя..." (аўдыё)


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111".

Слухаць:



Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў выказваўся на падтрымку незалежнасьці Беларусі. У прыватнасьці, ён заявіў, што не мяняе сувэрэнітэту на газ і нафту, бо ня дзеля таго быў абраны першым прэзыдэнтам незалежнай Беларусі, каб прывесьці краіну да страты незалежнасьці. Ці азначае гэта, што пагроза, якая навісала цягам апошняга дзесяцігодзьдзя над незалежным статусам Беларусі, цяпер зьнікла?

Вось як адказвае на гэта пытаньне наш слухач Сяргей Сільвановіч зь Менску.

"Цяпер уся апазыцыя павінна прызнаць свае памылкі і падтрымаць Лукашэнку. Хто ўсе гэтыя гады крычаў, што Лукашэнка гатоў прадаць незалежнасьць Беларусі? А што ў сапраўднасьці? Лукашэнка адкрыта сказаў, што сувэрэнітэтам сваёй краіны не гандлюе, і ні за газ, ні за нафту незалежнасьці не прадасьць.

Дык хто меў рацыю? Калі б Лукашэнка хацеў, дык незалежнай Беларусі ўжо даўно не было б. Але ў сапраўднасьці ён, можа, большы абаронца незалежнасьці, чым усе вашы Пазьнякі і Вячоркі, разам узятыя. Але як мудры і здольны палітык ён ніколі гэтага адкрыта не дэманстраваў. Так, Лукашэнка шмат гаварыў пра аб’яднаньне, саюзную дзяржаву, братэрскія сувязі і многае іншае такога ж кшталту. А інакш ці мела б Беларусь усе гэтыя дванаццаць гадоў танныя газ і нафту?

Лукашэнка – першы прэзыдэнт незалежнай дзяржавы. Такім ён і застанецца ў нашай гісторыі. Адзінае, за што яго могуць папракнуць дэмакраты, – гэта заняпад беларускай мовы. Але і тут, думаю, ён яшчэ многае зьменіць. Зразумела ж, чаму ўсе гэтыя гады аддаваўся прыярытэт расейскай мове. Лукашэнка папросту змушаны быў гэта рабіць. А цяпер, калі з Масквой складаюцца зусім іншыя адносіны, беларуская ўлада адкарэктуе й моўную палітыку. Вядома, шырокай беларусізацыі ня будзе – насельніцтва гэтага не падтрымала б. Але беларуская мова будзе разьвівацца і стане раўнапраўнай з расейскай. Асабіста я ў гэтым не сумняюся. Бо Лукашэнка ведае, што будаваць незалежную дзяржаву без нацыянальнай мовы – рызыкоўна, а ў пэрспэктыве й небясьпечна".

У Вашых, спадар Сільвіновіч, развагах чамусьці ня згадваецца такі істотны фактар усёй гэтай шматгадовай інтэграцыйнай кампаніі, як асабістыя палітычныя амбіцыі беларускага прэзыдэнта. Калі б усе тыя аб’яднальныя праекты, што былі выпрацаваны ў сярэдзіне і напрыканцы 90-х гадоў Лукашэнкам і Ельцыным, былі ажыцьцёўлены і калі б справа тады сапраўды дайшла да выбараў прэзыдэнта аб’яднанай дзяржавы, дык наўрад ці сёньня можна было б гаварыць пра незалежнасьць Беларусі.

Але з прыходам да ўлады Пуціна шанцы Аляксандра Лукашэнкі на лідэрства ў аб’яднанай дзяржаве былі зьведзены да мінімуму, а цяпер яны, выглядае, і ўвогуле зьніклі. Натуральна, мяняць пасаду першага прэзыдэнта незалежнай дзяржавы на крэсла расейскага губэрнатара і ўвайсьці ў гісторыю палітыкам, які прывёў да страты незалежнасьці сваёй краіны, Аляксандар Лукашэнка не пагодзіцца. Што мы якраз і назіраем.

На тэму расейска-беларускага нафтагазавага крызысу разважае ў сваім лісьце на Свабоду й наш слухач Эдуард Зяновіч зь Ліды.

"На навагодняе сьвята наш народ атрымаў ад старэйшага брата замест падарунку добрую аплявуху. Такую ж, як год таму атрымалі ад Масквы ўкраінцы. На гэтым тле ня радавала ні чарка, ні шкварка. Напэўна, такі сцэнар выбралі, каб запалохаць народ і апазыцыю перад рэфэрэндумам. А рэфэрэндум, напэўна ж, адбудзецца. Разьлік на тое, што мы выберам не свабоду і незалежнасьць, а газ і нафту.

І колькі слоў пра нядаўнія выбары ў мясцовыя саветы. Што гэта былі за выбары? Гульня без усялякіх правіл. Пайшоў я ўвечары, а сёмай гадзіне, на свой выбарчы ўчастак, што на вуліцы Калініна. Выдалі два бюлетэні – у абласны і раённы саветы. У кожным – толькі адзін кандыдат. Я ім і кажу: “Што гэта за выбар, калі выбіраць няма з каго?” Але што яны маглі мне адказаць?"

Рэфэрэндум наконт аб’яднаньня Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву ў цяперашніх умовах выглядае ня надта верагодным, спадар Зяновіч. Такі рэфэрэндум мог адбыцца, калі б беларускія ўлады пагадзіліся на ультыматум Масквы і здалі незалежнасьць за магчымасьць яшчэ некалькі гадоў атрымліваць танныя расейскія нафту і газ. Прэзыдэнт Лукашэнка пра немагчымасьць такога гандлю выказаўся на пачатку студзеня даволі пэўна.

Гэта, зрэшты, не азначае, што тэма стварэньня адзінай дзяржавы закрыта раз і назаўсёды. Праз год у Расеі зьменіцца ўлада – верагодна, будзе абраны новы прэзыдэнт. У залежнасьць ад таго, якой будзе палітыка Крамля і ці зьявяцца ў прэзыдэнта Лукашэнкі новыя пэрспэктывы на расейскай палітычнай сцэне, патрапляе й лёс расейска-беларускай інтэграцыйнай кампаніі.

Ліст ад пісьменьніка з Наваградку, які папрасіў не агучваць у эфіры сапраўднага імя. Таму падаём допіс нашага карэспандэнта пад псэўданімам -- Васіль Цівуноў. Наваградскі пісьменьнік паўтара ўжо гады чакае, калі часопіс “Маладосьць” надрукуе ягоную аповесьць. А тут яшчэ рэдактар гэтага часопісу Раіса Баравікова нядаўна заявіла, што рэдакцыя паўтара гады ня плаціць аўтарам ганарараў. З гэтай нагоды Васіль Цівуноў піша нам на Свабоду:

"Што ж атрымліваецца: пішыце, беларускія пісьменьнікі, творы – магчыма, год празь дзесяць што й патрапіць у друк. Але платы за вашу інтэлектуальную працу – няма. Жывіце, літаратары, як хочаце. Бюджэт дзяржавы корміць міліцыянтаў, чыноўнікаў, пэдагогаў, мэдыкаў. А вось пісьменьнікі мусяць харчавацца паветрам?

Дзе ж заяўлены клопат улады пра таленавітую моладзь? Такі, так бы мовіць, "клопат" – адкрыты зьдзек уладных чыноўнікаў, якія папросту раскашуюць на высокіх акладах і выгодах. Чыноўнікі ў цяперашняга прэзыдэнта – самыя забясьпечаныя асобы ў грамадзтве. Праўда, ім усё роўна мала – вунь колькі хабарнікаў сярод іх.

А навошта злодзеям, хабарнікам, князькам і іхным халуям праўдапісцы? Так што не было ганарараў паўтара гады – і невядома калі будуць. Праўдапісцы сталі ворагамі цяперашняга рэжыму. Толькі шкада, што пісьменьнікі маўчаць. Няма аб’яднаньня, няма дзеяньняў, няма пратэсту. Адно – панурае маўчаньне і "нечага чаканьне". Можна сказаць, наш пісьменьнік – гэта прадстаўнік свайго панурага народу".

Далей Васіль Цівуноў з Наваградку разважае пра тое, чаму ў дзяржаўных літаратурных выданьняў так мала чытачоў і падпісчыкаў.

"Калі б хто паглядзеў і паслухаў, як адбываецца падпісная кампанія, напрыклад, у нашым раёне – мала сказаць, што перапалохаўся б… Паштары, супрацоўнікі вузла сувязі, падышоўшы да каторага жыхара вёскі ці райцэнтру, тонам вайсковага камандзіра загадваюць: "Трэба падпісацца на газэту!" "На якую?" – спытае перапалоханы чалавек. "Нада на “Савецкую Беларусію"!

Пра "Маладосьць”, "Полымя" мала хто ведае. Ды за іх паштары й не агітуюць – яны не галоўныя для братка-беларуса. А пра існаваньне "ЛІМу" нават некаторыя настаўнікі ня ведаюць, ужо ня кажучы пра калгасьніка".

Не пагаджуся з Вамі, спадар Цівуноў: ня ўсе пісьменьнікі маўчаць і ня ўсе паслухмяна і безнадзейна чакаюць ганарараў ад дзяржаўных літаратурных выданьняў. Тыя літаратары, якія адважваліся і адважваюцца гаварыць уладзе праўду (і праз гэта трапілі ў апалу), ужо даўно маюць і сваю арганізацыю, і свой часопіс. Яны ня просяць у дзяржаўных чыноўнікаў ні ганарараў, ні магчымасьці друкавацца ў “Маладосьці” і “ЛІМе”, ні ганаровых званьняў і ордэнаў. Ім даводзіцца змагацца нават за магчымасьць мець свой незалежны пісьменьніцкі саюз і арандаваць невялічкі офіс. І тым ня менш, менавіта ў гэтым саюзе – Саюзе беларускіх пісьменьнікаў – засталіся усе знакавыя імёны нацыянальнай літаратуры.

На заканчэньне – некалькі цытат зь лістоў слухачоў, якія пакіну без камэнтароў.

Нам піша Леанід Курпатаў зь Ліды:

"Нядаўна даведаўся, што Свабода добра чуваць праз спадарожнікавую антэну. Але ў каго яна ёсьць? У нашым 90-кватэрным доме такіх антэн толькі тры. Кошт іх – ад 120 да 160 эўра. А нашы заробкі якія? Вось учора я разгаварыўся з суседам. У яго зарплата – 420 тысяч. Дык ці можа ён набыць такую антэну, калі яму на гэтыя грошы трэба пракарміць сям’ю, апрануць дзяцей і заплаціць за кватэру?"

І яшчэ адзін ліст, аўтар якога Васілій Радзіонаў з расейскага Сьветлаграду Стаўрапольскага краю, піша:

"Мне сорамна за тых расейцаў, якія грэбуюць вашай цудоўнай мовай. Сорамна й за беларусаў, што забываюць родную мову. Пакуль жывая мова, – жывы й народ. Памрэ мова, – ня выжыве й народ. Вельмі не хацелася б, каб такое адбылося зь беларусамі".

Сам Васілій Радзіонаў з дапамогай нашага радыё і тых рэдкіх беларускіх кніг, якія яму ўдаецца здабыць, вучыць беларускую мову, жывучы на Стаўрапольлі, за некалькі тысяч кілямэтраў ад Беларусі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG