Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Нічыпар Мяцельскі <br><br>1905, в. Ануфравічы (цяпер Грэскі раён) — 6.4.1943, ваколіцы Рудзенску, Пухавіцкі раён


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Прыйдзе пара, і гісторыкі напішуць пра партызанства ў Беларусі за часамі апошняй вайны ўсю трагічную праўду. Пакуль мы толькі на далёкіх подступах да яе. Пра гэта, як і пра тое, што савецкія “народныя мсьціўцы” змагаліся на акупаванай тэрыторыі зусім ня толькі з гітлераўцамі, сьведчыць і лёс беларускага патрыёта Нічыпара Мяцельскага.

Улетку 1943-га начальнік Цэнтральнага штабу партызанскага руху і першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка чытаў у сваім маскоўскім кабінэце спэцпаведамленьне пра “разработку” асобым аддзелам 2-й Менскай брыгады (камандзір С. Іваноў) “контаррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі лістападаўцаў”, вынікам чаго стаў арышт і ліквідацыя “нацдэма” Мяцельскага, “беларуса, беспартыйнага, жанатага”.

У 1924-м ён зь сябрамі браў удзел у падпольнай антыбальшавіцкай арганізацыі Юркі Лістапада, а пасьля вызваленьня настаўнічаў у вёсцы Цітва пад Рудзенскам, дзе застаўся і пры нямецкіх акупантах. Аднойчы на пачатку 1943-га менская “Беларуская газэта” надрукавала артыкул Рыгора Крушыны “Зь мінулых дзён. Судовы працэс над Лістападам”. Аўтар, на жаль, не прадбачыў, хто можа апынуцца сярод яго чытачоў.

Як цяпер публікацыі яшчэ ня цалкам зьнішчанай незалежнай прэсы ўважліва чытаюць не адны апазыцыянэры з прыхільнікамі, але й іхнія “куратары”, так ў той час акупацыйную беларускую прэсу пільна перачытвалі партызанскія асабісты. Зь “Беларускай газэты” яны даведаліся ня толькі што Мяцельскі — блізкі сябар Лістапада, але і тое, што ён лічыць неабходным арганізаваць беларускія вайсковыя аддзелы і ўрэшце стварыць нацыянальны ўрад.

На допыце Мяцельскага абвінавацілі ў аднаўленьні контаррэвалюцыйнай дзейнасьці і ў сувязях з былымі лістападаўцамі. Нічыпар, які, дарэчы, мог разам з сябрамі належаць да мясцовай суполкі Беларускай незалежніцкай партыі, адмовіўся называць якія-небудзь імёны. “Лепш я загіну адзін”,— сказаў ён сваім катам. “Загінеш, загінеш, не волнуйся”,— супакоіў асабіст.

Нічыпара схапілі, дапыталі й расстралялі за адзін вясновы красавіцкі дзень.

Аднак лёс ягоны ня зьнік у рацэ забыцьця.
XS
SM
MD
LG