Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ад сэксу можна захварэць"


Ігар Карней, Менск Выкладчыкі сярэдніх школаў Чэхіі будуць наведваць адмысловыя курсы, дзе іх навучаць на роўных размаўляць з падлеткамі на тэму сэксуальнай культуры. Праект ініцыяваны ў межах культурных праграмаў Эўразьвязу. Ці рэальна такі досьвед укараніць у Беларусі?

Шматдзетная маці Тацяна Гацура перакананая: у справе сэксуальнай адукацыі мусіць захоўвацца разумная прапорцыя. Частку ведаў дае сям''я, частку – школа.

Гацура: "Памятаю, калі ў нас былі заняткі па біялёгіі і калі мы дайшлі ў 9-й клясе да тэмы полавых ворганаў, настаўніца адразу папярэдзіла: буду расказваць гэтак жа, як расказвала б сваім дзецям. Але калі пачую сьмех ці штосьці вульгарнае, то будзеце чытаць параграф. І яна вельмі даходліва растлумачыла гэтыя простыя рэчы (простыя з мэдычнага гледзішча). Канешне, перадусім гэта мусіць рабіць сям’я. Але ў школе таксама павінна быць асобная тэма "пра гэта". Таму што ў старэйшых клясах усе ўсё ведаюць, можа нават тое, што і ня трэба ведаць. І часам зусім ня так яны ведаюць пра гэта. Мне падаецца так: трэба чытаць не параграфы кніжкі, а настаўнік насамрэч павінен быць падрыхтаваны, каб казаць пра гэта не вульгарна, каб гэта не было забароненай тэмай. І ў той жа час, каб стаўленьне ў дзяцей, у дарослых людзей было да гэтага нармалёвае".

У беларускіх школах сэксуальнае выхаваньне падлеткаў па-ранейшаму не выкладаецца. Хоць, як расказваюць самі дзеці, спробы ўзьняць гэтую тэму раз-пораз зьяўляюцца.

Вучаніца: "Усё, што зрабілі, – гэта адвялі нас на 10 хвілінаў у кампутарную клясу і паказалі нейкі мульцік. Але ўсё было так намалявана, што не разьбярэш – пра людзей гэта ці пра зьвяроў".

Карэспандэнт: "Як вы адрэагавалі на гэты мультфільм?"

Вучаніца: "Ну, як адрэагавалі? Рагаталі".

Карэспандэнт: "То бок, сур''ёзна ніхто не ўспрыняў?"

Вучаніца: "Не".

Самі настаўнікі гавораць: падобная абавязалаўка ніякага плёну ня мае. Аднак рэальнай альтэрнатывы пакуль не прапанаваў ніхто, гаворыць выкладчыца адной з менскіх школаў Вольга Астравух.

Астравух: "Увогуле, зь дзецьмі трэба гаварыць і не баяцца так званых забароненых тэмаў. Дый як гэтая тэма можа быць забароненай, калі тыя ж дзеці глядзяць адпаведныя фільмы, дзе ўсё навокал паказана. Штовечар пасьля 11-й у нас на кабэльным тэлебачаньні ідуць эратычныя каналы. Хтосьці думае, што дзеці гэта не глядзяць? Хтосьці глядзіць, натуральна. Таму трэба дзецям тлумачыць, каб потым меней яны рабілі памылак. Бо шмат суправаджаюць гэты бок жыцьця інфэкцыйныя захворваньні. І якраз болей нават пра гэта трэба гаварыць дзецям. Сэкс– адно, а што пасьля можна атрымаць? Ня толькі ж у выніку сэксу дзеці нараджаюцца. Ад сэксу ж яшчэ можна захварэць".

Кінакрытык Ала Бабкова згодная з настаўніцай. Першыя сэксуальныя карцінкі бальшыня дзяцей насамрэч бачыць на экране.

Бабкова: "Я 10 гадоў была экспэртам рэгістру і магу вам сказаць, што так: былі стужкі, якія, з майго пункту гледжаньня, трэба было забараніць. Бо гэта былі нават ня фільмы, а проста інструктаж такога, скажам, сэксуальнага характару".

Глядзі таксама: • Літоўскіх падлеткаў сэксу вучаць на муляжах
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG