Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"...некаму, безумоўна, вельмі хацелася б, каб такая прыкметная і небясьпечная фігура перастала існаваць фізычна" (1997)


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускай прэсы розных гадоў.

"Бацькаўшчына" 1957 год.

"Апошнімі тыднямі заходняя прэса шмат пісала аб выпадках пераходу на бок вугорскіх партызанаў ня толькі паасобных савецкіх жаўнераў і ахвіцэраў, але цэлых вайсковых адзінак. Сярод гэтых "дызэртыраў" у першую чаргу апынуліся Беларусы і Ўкраінцы… У палове мінулага месяца венская газэта "Ноер Кур’ер", базуючыся на сьветчаньнях вугорскіх уцекачоў, паведаміла аб жорсткім збройным змаганьні беларускіх аддзелаў з мангольскімі за валоданьне Токельскім лётнішчам недалёка ад Будапэшту… Ня могучы здабыць лётнішча, Беларусы адступілі й далучыліся да вугорскіх партызанскіх аддзелаў".

"Звязда", 1967 год. Аляксей Сьлесарэнка спамінае:

"Аднойчы ў чытальную залу Маскоўскай беларускай бібліятэкі на Арбацкай вуліцы ўвайшоў Сяргей Эйзенштэйн. З радасным здзіўленнем я ўбачыў, як ён разгарнуў "Сымона-музыку" і паглыбіўся ў чытаньне… Аказваецца, Эйзенштэйн ведаў няблага і беларускую мову. І гэта было зусім натуральна, бо некалі ён працаваў у першым Беларускім дзяржаўным тэатры мастаком… Кінааператар Эдуард Тысэ… расказвае, што Эйзенштэйн, дасканала ведаючы беларускую народную творчасць, літаральна засыпаў субяседніка беларускімі народнымі прымаўкамі і жартамі".

"Имя", 1997 год. Гары Паганяйла, у зьвязку з арыштам старшыні Нацыянальнага банку Тамары Віньнікавай, разважае:

"…некаму, безумоўна, вельмі хацелася б, каб такая прыкметная і небясьпечная фігура перастала існаваць фізычна. Няма чалавека — няма праблемы. Не сакрэт, што асоба, якая нядаўна займала такое высокае становішча, можа мець канфідэнцыйную інфармацыю дзяржаўнага значэньня, якая закранае інтарэсы службовых асоб, у тым ліку й высокапастаўленых. Прычым, зьвесткі, якія, магчыма, мае Тамара Дзьмітрыеўна, доказныя — празь яе рукі прайшла маса разнастайных дакумэнтаў".
XS
SM
MD
LG