Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімовае адзеньне выходзіць з моды


Радыё Свабода Ва ўмовах сёлетняй зімы ў гандлі Беларусі апынуўся “замарожаным” попыт на цёплыя рэчы і абутак. Пакупнікі ігнаруюць нават спэцыяльныя скідкі. А прадаўцы выказваюць занепакоенасьць, што заляжалы тавар выйдзе з моды. Паводле экспэртаў, у лютым можна чакаць абвалу цэнаў.

У пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну былы стратны ўнівэрмаг спажыўкаапэрацыі пераабсталяваны ў рынак пад дахам. Цяпер тут цалкам прыватны гандаль. У прадаўца верхняга адзеньня Алены Сокал запытваю пра попыт на адзеньне са скуры і футра.

Сокал: “У гэтым годзе ніхто не купляе. Вельмі цёплая зіма. Калі цікавяцца, то толькі дэмісэзонным, каб апранаць вось у такую слоту”.

Са словаў Алены Сокал, зімовыя курткі былі завезеныя яшчэ ў кастрычніку, калі пацяпленьне не прагназавалі нават сыноптыкі. Тавар амаль цалкам на паліцах. Продаж яго не падштурхнулі нават навагоднія скідкі на 15 працэнтаў.

Ігнаруюць пакупнікі на рынку ў Дружным і ўцеплены абутак. Сваю прычыну тлумачыць Ніна Таразевіч:

Таразевіч: “Хацела б купіць боты зімовыя, але ня буду гэта рабіць, бо зіма цёплая. Я і ў асеньніх перахаджу. Ужо зіма заканчваецца. Навошта мне марнаваць грошы, калі гэтых грошай у мяне і так няма?”.

Зімовы абутак, паліто і курткі ў Беларусі шыюць амаль тры дзясяткі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці. Асноўны для іх пастаўшчык штучнага футра – спэцыялізаваная фабрыка ў Жлобіне. У вытворчасьці тут занятыя амаль дзьве тысячы чалавек. Падаткі людзей і фабрыкі фармуюць трэцюю частку мясцовага бюджэту. Зараз, аднак, намесьнік гендырэктара Пятро Шаўцоў даводзіць пра фінансавыя праблемы:

Шаўцоў: “На жаль, мы залежныя ад сэзоннасьці. Вось цяпер сэзон завяршыўся. Гэта не азначае, што мы стаім і не працуем. Але застаюцца нявырашаныя пытаньні”.

Камэнтуе сытуацыю эканамічны экспэрт Аляксандр Патупа:

Патупа: “Адбываецца татальнае зьніжэньне паказчыкаў па продажу і ўжытку усіх зімовых рэчаў. У спалучэньні з праблемамі энэрганосьбітаў будзе вельмі дрэнны эфэкт для малых гарадоў. Перадусім там, дзе знаходзяцца базавыя прадпрыемствы.
XS
SM
MD
LG