Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: “Эканамічны цуд” ня меў пад сабой рэальнай глебы”


Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць энэргетычны канфлікт з Расеяй поўным правалам эканамічнай палітыкі Беларусі.

Заіка: “Кіраўнік Беларусі вярнуўся да тых праблемаў, якія былі ў 1993-1994 гадах. Гэта пацьвярджае, што абраны ім курс, практычна, завёў у тупік. І мы згубілі 12 гадоў. Трэба было адыходзіць ад энэргетычнай моназалежнасьці ад Расеі. І цяпер зрабіць рэвэрсіўную перапампоўку нафты з Вэнспылса магчыма, але гэта прапанова запозьненая. Яна, дарэчы, вылучалася апазыцыяй і дэмакратычнымі эканамістамі.

Расейская эканамічная эліта загнала Лукашэнку ў кут. Тое, што зараз адбываецца, гэта другі ўдар па прэзыдэнцтву Лукашэнкі, бо алігархі не хочуць пастаўляць сюды нафту. Беларусь апынулася з двума заводамі, якія абсалютна павісьлі ў паветры.

Ніякай праблемы высокіх цэнаў няма. Гэта непрафэсіяналізм, поўная геаэканамічная параза. І ўрад, прэзыдэнт робяць выгляд, што гэта сытуацыя для іх нечаканая. Усё гэта прагназавалася. Эканамічная палітыка і гэты “эканамічны цуд” ня меў пад сабой рэальнай глебы. Гэта поўны правал эканамічнай паліткі, якая праводзілася”.
XS
SM
MD
LG