Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Раманчук: “Трэба нармалізаваць стаcункі з Эўразьвязам”


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, камэнтуючы магчымасьць пастаўкі нафты на беларускія заводы з балтыйскіх портаў, адзначае, што адносна такіх праектаў трэба кансультавацца з Эўразьвязам, а, значыць, перадусім – нармалізаваць стасункі з Эўропай.

Раманчук: “Гэтыя праблемы ствараліся цягам дзесяці гадоў і разруліць іх за год-два няма магчымасьці. Бо такія інфраструктурныя праекты, як будаўніцтва нафтаправоду, займаюць не адзін год і патрабуюць ня толькі эканамічных, але і палітычных узгадненьняў. І калі гаворка ідзе пра Латвію ці Украіну, то, безумоўна, гэта палітычныя рашэньні, якія будуць узгадняцца з Эўразьвязам. Такім чынам, Эўразьвяз зьяўляецца стратэгічным партнэрам Беларусі. А гэта, безумоўна, быў бы стратэгічна добры праект для нашай краіны, і трэба было б нармалізаваць стасункі з Эўразьвязам. А гэтага афіцыйны Менск пакуль ня робіць.

Барацьба з Расеяй таксама не надае аптымізму. Сварыцца, калі ты ня маеш альтэрнатывы і ня маеш іншых рынкаў, каб прадаваць свае тавары – гэта таксама палітыка ня вельмі стратэгічная і пэрспэктыўная. Я лічу, што канфлікт з Расеяй толькі паглыбляецца. Калі Беларусь возьме плату і за зямлю, і за базы – гэта будуць узаемаадносіны праз жалезны плот. Калі Беларусь пойдзе на рэформы, тады мы з гэтай сытуацыі выйдзем. Але на бліжэйшыя два гады гэта будзе балючае выпрабаваньне”.
XS
SM
MD
LG