Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: прадстаўніка БХК аштрафавалі "за дробнае хуліганства"


Радыё Свабода, Віцебск Суд над Паўлам Левінавым распачаўся 15-га студзеня – пасьля таго, як напярэдадні выбараў ён быў затрыманы за "нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы" . Двое сутак віцебскі праваабаронца мусіў правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна правяла тры судовыя пасяджэньні, на якія зьбіралася па некалькі дзесяткаў віцебскіх актывістаў-гледачоў. Але сёньняшнюю пастанову пра штраф памерам 62 тысячы рублёў яна прачытала спадару Левінаву без сьведкаў ва ўласным кабінэце.

Прысутныя на пасяджэньні, абурыўшыся паводзінамі судзьдзі, адмовіліся пакінуць будынак суду на знак пратэсту супраць "негалоснае" пастановы. Адміністрацыя суду выклікала нарад міліцыі, які, аднак ня змог засьведчыць ніякіх непарадкаў: людзі проста чакалі ў калідоры, адмаўляючыся разыходзіцца.

Адміністрацыя суду адмовілася таксама прадаставіць кнігу скаргаў на патрабаваньне прысутных. У адказ на гэтыя дзеяньні была складзеная калектыўная скарга ў Міністэрства юстыцыі, пад якой падпісаліся каля 20-ці чалавек.

Судзьдзя Натальля Карабліна так і не выйшла ў залю пасяджэньняў, а да суду зьехаліся тым часам некалькі машын з узброенымі міліцыянтамі. Прысутныя пакінулі будынак толькі а палове на восьмую вечара.
XS
SM
MD
LG