Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскіх падлеткаў сэксу вучаць на муляжах


Тацяна Поклад, Прага У Літве пытаньнямі полавага выхаваньня ў школьнай адукацыі апякуецца Міністэрства навукі і асьветы. У Канцэпцыі асьветы Літвы і ў школьных праграмах для выкладаньня асноваў бясьпечнага сэксу, сэксуальнай культуры прызначанае сваё месца.

Да распаўсюду сучасных мэтадаў сэксуальнай адукацыі далучаюцца і навукоўцы, і недзяржаўныя арганізацыі, аднак іх мэтодыка часам выклікае пратэсты з боку каталіцкай царквы.

Для настаўнікаў праводзяцца курсы ў Інстытутах павышэньня кваліфікацыі па ўсёй краіне, на якіх іх знаёмяць з сучаснымі мэтодыкамі і сучасным стаўленьнем ў школах да такіх тэмаў як сэксуальная культура і асновы бясьпечнага сэксу, а таксама тэмаў пра хваробы, якія распаўсюджваюцца сэксуальным шляхам, СНІД. Падобныя курсы мусяць наведваць і настаўнікі сярэдніх школаў, і пэдагогі з дашкольных установаў.

Летась з’явіўся новы падручнік па полавым выхаваньні, які выпусьціла Міністэрства аховы здароўя. Праўда, як гэта бывае часьцяком ў каталіцкай краіне, і ў Літве ёсьць прадстаўнікі грамадзкасьці, сьвятары і палітыкі, якія пратэстуюць супраць сучасных мэтадаў выкладаньня ў школах асноваў бясьпечнага сэксу, -- напрыклад, калі ў падручніках зьмяшчаюцца малюнкі, якія наглядна паказваюць, як карыстацца прэзэрватывамі. Так, адносна новага падручніка свой пратэст выказала партыя кансэрватараў, якая належыць да апазыцыі ў літоўскім парлямэнце.

Сэксу падлеткаў вучаць на муляжах

Найбольш цікава, плённа і па-сучаснаму ў сфэры сэксуальнай адукацыі Літве працуюць розныя недзяржаўныя арганізацыі. Іх інструктары прыходзяць ў школы і праводзяць курсы, заняткі, лекцыі, выкарыстоўваюць для гэтага элементы драмы і тэатру, карыстаюцца, натуральна, і сучаснымі тэхналёгіямі, і навочнымі дапаможнікамі. Гэта такія арганізацыі, як напрыклад, Цэнтр СНІДа, Асацыяцыя плянаванага бацькоўства. Часам іх заняткі выклікаюць бурныя дыскусіі ў прэсе, ў грамадзтве. Напрыклад, ледзьве не скандал выклікала тое, што інструктары недзяржаўнай арганізацыі ў часе курсаў у школе раздавалі падлеткам прэзэрватывы і на муляжах вучылі, як імі правільна карыстацца. Інструктары тлумачылі пры гэтым, што такое небясьпечны сэкс і чаму трэба засьцярагацца.

Каталіцкая царкава пратэстуе

У такім выпадку, калі ў прэсу трапілі матар’ялы пра падрабязнасьці таго, якім чынам інструктары працавалі з падлеткамі, фатаздымкі муляжоў, карцінак з наглядных пасобіяў, свой пратэст выказаў Віленскі архібіскуп кардынал Аўдрыс Ёзас Бачкіс. Ён напісаў адкрыты ліст віленскаму мэру – таму што заняткі, якія трапілі ў газэту, адбываліся ў адной з лепшых віленскіх гімназіяў. Кардынал у прыватнасьці заявіў, што шакаваны, і заклікаў мэра не шукаць вінаватых, але заявіць сваю пазыцыю – ці хацеў бы ён, каб падобныя рэчы адбываліся і надалей у школах. Рэакцыя мэра была карэктная і памяркоўная, але ўвогуле такія скандалы здараюцца рэдка.

“Каб не кахаліся як ідыёты”

Ёсьць іншы досьвед літоўскіх пэдагогаў, які зацікавіў іх калегаў у іншых эўрапейскіх краінах. У сьнежні летась адбылася прэзэнтацыя кнігі Рычарда Пагоюса для падлеткаў “Урокі каханьня: каб вы не кахаліся як ідыёты”. Прэзэнтацыя была і ў форме урока, і ў форме спэктакля з любоўнымі сцэнамі. Аўтар – малады настаўнік - прысьвяціў кнігу сваім сёстрам-падлеткам. Чаму сёстрам? Ён кажа, што дзяўчаткі найбольш церпяць у выніку той сэксуальнай неадукаванасьці, якая дасюль пануе у падлеткавым асяродзьдзі.

Зрэшты, аўтар кажа, што яго кніга ня толькі для падлеткаў і моладзі, але і для дарослых. Сам ён мае філязофскую і пэдагагічную адукацыю, і некалькі гадоў вёў у адным з выданьняў рубрыку з адказамі на лісты з пытаньнямі на сэксуальныя тэмы. Аўтар піша жывой і лёгкай мовай, а сэнс кнігі – глыбока філязофскі. Кніга ня толькі пра сэкс. Рычард Пагоюс кажа, што для добрага і бясьпечнага сэксу мала толькі, так бы мовіць, тэхнікі, -- і разам з сэксуальнай адукацыяй з падлеткамі трэба гаварыць пра каханьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG