Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія: помнік савецкім салдатам могуць перанесьці ў траўні


Юрась Бушлякоў, Прага На мінулым тыдні ў Эстоніі быў апублікаваны закон “Аб ахове вайсковых пахаваньняў”. Яшчэ на стадыі абмеркаваньня гэты закон прычыніўся да абвастрэньня сытуацыі ў дачыненьнях Масквы і Таліну.

Расея асудзіла дакумэнт, заявіўшы, што ў Эстоніі наўмысна зьнішчаюць памяць аб ахвярах змаганьня з фашызмам. Эстонскі бок у сваю чаргу падкрэсьлівае, што новы закон рэгулюе вырашэньне комплексу пытаньняў, зьвязаных з аховаю і доглядам вайсковых пахаваньняў.

У цэнтры расейска-эстонскага міждзяржаўнага крызісу – пытаньне будучыні братняй магілы і манумэнту Воіну-вызвольніку ў Таліне. Эстонскі бок заяўляе, што ўвогуле ня мае дакладных зьвестак аб тым, ці сапраўды паблізу манумэнту Воіну-вызвольніку ў Таліне спачываюць парэшткі палеглых у 1944 годзе савецкіх салдатаў. Адказваючы на пытаньні нашага радыё, пасол Эстоніі ў Расейскай Фэдэрацыі Марына Кальюранд сказала, што расейскі бок не перадаў эстонскаму ніякай інфармацыі аб гэтых пахаваньнях.

Прадстаўнікі Эстоніі тлумачаць, што сам помнік Воіну-вызвольніку стаіць крыху воддаль таго месца, на якім могуць быць пахаваньні. Гэтыя магчымыя пахаваньні ўжо дзясяткі гадоў знаходзяцца пад тралейбусным прыпынкам. Новы эстонскі закон, паводле Марыны Кар’юланд, якраз і дазваляе перанесьці магілы зь неадпаведных для пахаваньняў месцаў, прычым гаворка ідзе ня толькі пра магілы савецкіх салдатаў, а ўвогуле пра ўсе пахаваньні.

На сытуацыю вакол талінскага манумэнту накладаецца і стаўленьне да яго многіх эстонцаў. Для іх помнік асацыюецца з падзеямі 1944 году, калі савецкія войскі зьнялі з будынку ўраду ў Таліне не нацысцкі сьцяг, а сьцяг незалежнай Эстоніі, які правісеў там толькі пяць дзён. Зьняцьце нацыянальнага сьцяга стала для эстонцаў сымбалем рэакупацыі, а не вызваленьня.

На мінулым тыдні прэм’ер Эстоніі Андрус Ансіп паведаміў, што перанясеньне помніка Воіну-вызвольніку на вайсковыя могілкі або на мэмарыял усім палеглым у ІІ усясьветнай вайне “Маар’ямягі” можа пачацца сёлета ў траўні. Да сёньня, аднак, канчатковае рашэньне аб пераносе манумэнту з цэнтру Таліну не прынятае.

Тым часам Расея ўжо заявіла, што разглядае магчымасьць перапахаваньня ў сябе парэшткаў савецкіх салдатаў і перанясеньня талінскага помніка ў Маскву.
XS
SM
MD
LG