Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя вандалы выпацкалі фарбай сьцены Консульства Эстоніі


Любоў Лунёва, Менск Уначы з 22 на 23 студзеня невядомыя запэцкалі чорнай фарбай будынак, у якім месьціцца Консульства Эстоніі ў Менску. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, праз плот амбасады былі закінуты ўлёткі з заклікам дэнансаваць прыняты эстонскім парлямэнтам закон “Аб вайсковых пахаваньнях”, а таксама адмовіцца ад перамяшчэньня помніка салдату-вызваліцелю ў Таліне. На ўлётках напісана: “Хочаш 41-ы – атрымаеш 45-ы!”

Цягам некалькіх гадзін чорная фарба заставалася на сьценах той часткі будынку Латыскай амбасады, дзе месьціцца Консульства Эстоніі. Блізу 12 раніцы рабочы камунальнай службы зафарбаваў сьляды вандалізму. Каля двух дзесяткаў міліцыянтаў знаходзіліся ля будынку амбасады. Яны не дазвалялі рабіць фотаздымкі, спасылаючыся на тое, што за плотам -- стратэгічны аб’ект. Прэсавыя службы Міністэрства ўнутраных спраў і гарадзкога Ўпраўленьня міліцыі паведамляюць, што пакуль ня могуць даць адказу, ці распачата паводле акту вандалізму крымінальная справа.

Прэс-сакратар МЗС Эстоніі Марыка Пойст паведаміла Радыё Свабода:

Пойст: “З нашым будынкам абсалютна ўсё ў парадку, і ўначы нічога не было. З амбасадай абсалютна ўсё ў парадку”.

Чалавек, які назваўся актывістам незарэгістраванай Нацыянал-бальшавісцкай партыі, паведаміў агенцыі БелаПАН: ганьбаваньне Консульства Эстоніі ўчынілі трое сябраў НБП. Ён дадаў, што партыя налічвае больш за сотню сябраў і свае акцыі каардынуе з расейскай НБП. На мінулым тыдні нацыянал-бальшавікі запэцкалі чорнай фарбай Эстонскае консульства ў Санкт-Пецярбургу і раскідалі ўлёткі з заклікам адмовіцца ад зносу савецкіх помнікаў.

Летась невядомыя хуліганы некалькі разоў пэцкалі дзьверы Ўправы партыі БНФ і пазначалі на сьценах: “НБП”. Гаворыць лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

Вячорка: “Гэтая чорная фарба, ці смала, нам добра знаёмая. Паліваюць нашы дзьверы гэтай фарбай, а потым падпісваюцца: альбо “НБП”, альбо “РНЕ” -- ну, у кожным разе, нейкія расейскія экстрэмісцкія структуры. Цяпер нешта падобнае, але ў адрас дыпляматычнага прадстаўніцтва іншаземнай дзяржавы. Беларусь зноў становіцца ня дужа прыемнай краінай. Але беларусы нічым не вінаваты. Вінаваты “адмарозкі”, мярзотнікі, якія прадстаўляюць арганізацыі суседняй дзяржавы”.

Спадар Вячорка лічыць, што міліцыянты ня знойдуць вандалаў:

Вячорка: “Наша сядзіба знаходзіцца на вуліцы Варвашэні. Гэта цэнтар гораду. Вакол поўна відэакамэр, побач міліцэйская акадэмія, патрулі ходзяць… І, тым ня менш, пакуль нікога не злавілі. Дыпляматычнае прадстаўніцтва таксама ахоўваецца ўсімі даступнымі сіламі і сродкамі, знаходзіцца пад відэаназіраньнем. Я слаба веру, што ўдасца каго-небудзь злавіць”.

10 студзеня некалькі актывістаў НБП ладзілі акцыю каля Расейскага консульства, пад час якой скандавалі: “Не – газаваму шантажу!” Пры гэтым, яны бесьперашкодна ўмацавалі расьцяжку “Саюз даражэй за газ”. Міліцыянты нікога не затрымалі.

Нагадаем: два месяцы таму невядомыя зрабілі надпісы антысэміцкага зьместу на сьценах габрэйскага культурніцкага Цэнтру, а таксама на агароджы вакол комплексу праваслаўнага Дому міласэрнасьці.

На здымку: рабочыя зьнішчаюць сьляды чорнай фарбы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG