Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што маглі дамовіцца прэзыдэнт Ірану і міністар абароны Беларусі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Трэці дзень у Іране знаходзяцца зь візытам міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў, шэраг высокапастаўленых вайскоўцаў і чыноўнікаў, якія адказваюць за вайсковую прамысловасьць. Праграма візыту і атмасфэра паўсакрэтнасьці вакол яго наводзяць аглядальнікаў на думку пра магчымыя парушэньні Беларусьсю забароны ААН супрацоўнічаць з Іранам у сфэры ядзерных тэхналёгій.

Беларускага міністра абароны Леаніда Мальцава прыняў у сваёй рэзыдэнцыі прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад. Сюжэт пра гэту сустрэчу паказала 22-га студзеня ў вечаровым выпуску навінаў Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне. Сёньня ўжо шмат якія іранскія і расейскія мэдыі паведамляюць падрабязнасьці візыту. Прынамсі, тое, што ў часе сустрэч абмяркоўваліся пытаньні, якія ўяўляюць узаемную зацікаўленасьць”.

На чым можа грунтавацца цікаўнасьць іранскіх кіраўнікоў і вайскоўцаў да Беларусі?

Незалежныя назіральнікі не выключаюць, што найперш іх зацікавіла тэхніка, якую можна выкарыстаць для абароны аб’ектаў, зьвязаных зь ядзернай праграмай Ірану. Да прыкладу, вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін разважае гэтак.

Алесін: “Можна меркаваць, што Іран перш за ўсё зацікавяць беларускія аўтаматызаваныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны, якія дазваляюць, аб’яднаўшы, кіраваць, як адным комплексам, усімі сродкамі СПА краіны ці пэўнага рэгіёну”.

Спадар Алесін прыгадаў таксама, што раней Іран купіў у Расеі ракеты блізкага радыюсу дзеяньня, якія могуць абараняць аб’екты ядзернай праграмы.

Між тым, у Міністэрстве абароны Беларусі факту сустрэчы міністра абароны Леаніда Мальцава з прэзыдэнтам Ірану Махмудам Ахмадзінэжадам дагэтуль не камэнтуюць. На афіцыйным сайце вайсковага ведамства краіны ўвогуле няма зьвестак пра знаходжаньне генэрал-палкоўніка Леаніда Мальцава ў Тэгеране. Пры гэтым, прэсавая служба міністэрства ня здолела паведаміць, калі міністар Мальцаў намераны вярнуцца ў Менск.

А паводле інфармацыі палітоляга Рамана Якаўлеўскага, разам зь міністрам Мальцавым у склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі шэраг высокапастаўленых вайскоўцаў і чыноўнікаў з Ваенна-прамысловага камітэту.

Якаўлеўскі: “Я зьвярнуў увагу на словы міністра абароны Ірану. Ён сказаў, што трэба было б хутчэй выконваць дамовы, якія заключылі прэзыдэнты. Куды сьпяшаюцца, што значыць “хутчэй”? Ня вельмі зразумела, але насьцярожвае”.

Беларускі незалежны аглядальнік Андрэй Фёдараў мяркуе, што аб’яднаная Эўропа адрэагуе на вайсковае супрацоўніцтва Беларусі з Іранам.

Фёдараў: “Калі такое супрацоўніцтва сапраўды пачнецца, то, безумоўна, гэта будзе ўспрынята нэгатыўна. Эўропа, асабліва вялікая тройка (Нямеччына, Францыя і Вялікабрытанія) разам з ЗША, Расеяй ды Кітаем вельмі шчыльна абмяркоўваюць ядзерную праграму Ірану і заклікаюць яго да спыненьня заводаў па ўзбагачэньні ўрану”. Нагадаю: у 2006 годзе у Тэгеране адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Ірану Махмудам Ахмадзінэжадам, дакладныя вынікі якой, аднак, невядомыя. Між тым, якраз летась абвастрыліся адносіны Ірану з ЗША, Эўразьвязам ды іншымі краінамі сьвету ў сувязі зь ядзернай праграмай Ірану. 23 сьнежня 2006 году ААН прыняла адмысловую рэзалюцыю, якой супраць Ірану ўведзены санкцыі, а трэцім краінам забаронены пастаўкі ў Іран тэхналёгій і матэрыялаў, што маюць дачыненьне да ядзернай праграмы. 22 студзеня кіраўнікі МЗС 27 краін-сябраў Эўразьвязу ў Брусэлі аднагалосна падтрымалі гэтую рэзалюцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG