Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка: “Змагацца, а ня склейваць ласты" (абноўлена)


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі заявіў у Наваполацку, што Расея павінна аплачваць паслугі, якія ёй аказвае Беларусь. . Лукашэнка лічыць, што беларускі бок абавязаны карыстацца сваім стратэгічным рэсурсам – геапалітычным становішчам. Беларускі лідэр заявіў: “Мы павінны за гэта змагацца, няхай гэта будзе “халодная” ці “гарачая” вайна”.

Сёньня на наваполацкім нафтаперапрацоўчым аб’яднаньні “Нафтан” адбылася нарада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. На ёй разгледжаны прапановы ўраду ў справе мінімізацыі нэгатыўных наступстваў падвышэньня кошту расейскіх газу і нафты.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што Расея мусіць аплачваць паслугі, якія ёй аказвае Беларусь, і трэба патрабаваць гэтага “без мітусьні і амбіцый, на прынцыпах міжнароднага права”. Сярод іншага, паводле беларускага прэзыдэнта, Расея мусіць плаціць за зямлю, па якой праходзяць газ і нафтапрадукты.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўсе дамоўленасьці па нафце і газе невыгодныя, параўнальна зь мінулым годам. Беларусі давядзецца павялічыць аплату паставак газу і нафты на 3,5 мільярды даляраў, і гэта ня тыя эфэмэрныя 5 мільярдаў, пра якія казаў прэзыдэнт Расеі.

Дарэчы, пазаўчора падчас прэс-канфэрэнцыі па выніках візыту канцлера Нямеччыны спадарыні Мэркель Уладзімер Пуцін заявіў: “Супрацоўніцтву -- так! Паразытаваньню -- не!” Такой будзе палітыка Расеі ў сфэры паставак энэргарэсурсаў у Эўропу.

Са слоў Аляксандра Лукашэнкі, у беларуска-расейскім нафтавым канфлікце няма пераможцаў і пацярпелых. Кіраўнік Беларусі зрабіў выснову: “сёньня ўрад мусіць змагацца, а ня склейваць ласты і крычаць “караул”. Беларускі бок павінен шукаць сваю выгоду і карыстаць са свайго стратэгічнага рэсурсу – геапалітычнага становішча. Беларускі лідэр заявіў: “Мы павінны за гэта змагацца, няхай гэта будзе “халодная” ці “гарачая” вайна”.

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб урад забясьпечыў стабільную працу эканомікі ва ўмовах новых цэнаў на расейскія энэрганосьбіты і быў гатовы прымаць любыя рашэньні, у тым ліку кадравыя. Паводле кіраўніка Беларусі, сытуацыя, якой яна была напачатку году, – не павінна паўтарыцца. Тое, што адбылося, ён назваў пікам крызысу, які пачаўся ў 2004 годзе, калі ў 25-градусны мароз Беларусі адключылі газ. Лукашэнка заявіў: ён мае зьехаць з Наваполацку з пэўнасьцю, што сувэрэнітэт непахісны.

Паводле кіраўніка Беларусі, калі нейкія расейскія нафтакампаніі ня хочуць працаваць зь Беларусьсю, належыць браць зь іх большую цану за транзыт іхнай нафты ў Эўропу. Трэба ўзяць нафту ў тых, хто пагаджаецца працаваць зь Беларусьсю.

Лукашэнка: “Я і вам, і ўраду сказаў: ніякіх давальцаў. Вы павінны купіць нафту -- і да пабачэньня. Расея, Вэнэсуэла, Іран -- як там будзе... Дзякуй, да пабачэньня! З Расеяй мы на гэтым і настойваем”.

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб урад шукаў альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты ў краіну. Бо бяз гэтага немагчыма ня толькі рытмічная праца, але й вытворчая бясьпека беларускіх НПЗ.

Першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка патлумачыў, што беларускі ўрад вывучае магчымасьць паставак нафты на беларускія заводы з балтыйскіх портаў па нафтаправодзе Вэнсьпілс – Наваполацак. Адносна беларуска-расейскага супрацоўніцтва ён патлумачыў:

Сямашка: “Калі ўжо Расея ці нафтавыя кампаніі нас перавялі на такія рынкавыя, усясьветныя адносіны, то мы сустрэчна выставілі патрабаваньні ў цэнаўтварэньні. Мы практычна ўзгаднілі з расейскімі нафтавымі кампаніямі формулу цэнаўтварэньня. Я спадзяюся, люты-сакавік пакажуць, што беларускія НПЗ для расейскіх нафтавікоў будуць, як і раней, прыцягальнымі”.

Глядзіце таксама апошнія матэрыялы на тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў:

У.Пуцін: "Супрацоўніцтву -- так! Паразітаваньню -- не!"

На мяжы з Расеяй кантроль існуе, але без памежнікаў

Цукровым заводам давядзецца перайсьці на сэзонны рэжым працы?
XS
SM
MD
LG