Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы скупляюць валюту і ня вераць у “беларускі цуд”


Ігар Карней, Менск У сувязі з ростам цэнаў на энэрганосьбіты, беларусы пачалі болей купляць у банкаў наяўнай замежнай валюты. Як вынікае з папярэдняй статыстыкі Нацыянальнага банку, у 2006 годзе набыта ў агульным эквіваленце 4,218 мільярда даляраў. Гэты паказьнік, параўнальна з 2005 годам, вырас на 33%. Чым абумоўлены валютны ажыятаж?

Праца пунктаў абмену валюты цяпер скіравана пераважна ў адно рэчышча – на продаж замежнай валюты. Супрацоўнікі не хаваюць: попыт на амэрыканскія даляры і эўравалюту істотна перавышае апэрацыі з продажам беларускіх рублёў. Самі ж наведнікі абменных пунктаў тлумачаць, што ўсё меней вераць у “беларускі цуд” і вяртаюцца да практыкі захоўваньня грошай ува “ўмоўных адзінках”.

Наведніца: “Лічу, што больш стабільная валюта амэрыканская ці эўрапейская. Неяк больш давяраю эўрапейскай эканоміцы, той жа амэрыканскай. А што да “беларускага цуда”... Ведаеце, пакуль нешта ня надта я ў яго веру…”.

Эканаміст дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Алена Ракава лічыць: валютнаму ажыятажу спрыялі перадусім чуткі пра магчымую дэнамінацыю (дарэчы, у многіх банках цяпер вывешваюць аб’явы “У 2007 годзе дэнамінацыі ня плянуецца”).



З іншага боку, -- кажа Алена Ракава -- людзі ня маюць даверу да пераходу на камэрцыйныя рэйкі з Расеяй, асабліва што датычна паставак энэрганосьбітаў.

Ракава: “Мала хто па-сапраўднаму верыць у гэты “беларускі цуд”. Але на сёньняшні дзень людзі яшчэ вераць у здольнасьць ураду падтрымліваць нейкі жыцьцёвы ўзровень і стандарты. Натуральна, пры гэтым усе падсьвядома ці сьвядома разумеюць: гэтаму можа прыйсьці канец, усё можа скончыцца. Таму народ дакладна адсочвае сытуацыю”.

Карэспандэнт: “А для банкаў наколькі гэта сытуацыя складаная?”

Ракава: “Гэта ўвогуле вельмі складаная сытуацыя для эканомікі. Справа ў тым, што валюту цяпер прадаюць з запасаў. То бок такі перакос попыту і прапановы валюты, што камэрцыйныя банкі прадаюць нашмат больш, чым маюць: улазяць ува ўсе запасы, рэзэрвы. І я думаю, што ўсе будуць змушаны пазычаць на зьнешнім рынку – пачнуць браць крэдыты на продаж насельніцтву валюты”.

Зрэшты, спадарыня Ракава лічыць, што сёлета Нацыянальнаму банку хопіць рэзэрваў дзеля падтрымкі курсу рубля да асноўных валют на ранейшым узроўні, каб не дапусьціць дэвальвацыі і наступнай панікі на фінансавым рынку. Іншая справа, што крэдыты трэба будзе вяртаць. Таму такая палітыка можа быць толькі кароткатэрміновай.

Паводле Нацыянальнага банку, у сьнежні 2006 году насельніцтва купіла ў банкаў 502,8 мільёна даляраў. Фінансавыя вынікі лістапада -- куды бяднейшыя: 400 мільёнаў даляраў. Усяго ж летась беларусы купілі наяўнай валюты на 907,5 мільёнаў даляраў больш, чым прадалі. Паказальна, што на расейскі рубель, які актыўна рэклямаваўся ў якасьці адзінага беларуска-расейскага грашовага сродку, попыт досыць сьціплы. Як лічыць экс-старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, цэлы стос міждзяржаўных супярэчнасьцяў як у палітычным, так і ў эканамічным рэчышчы, адтэрміноўвае такую пэрспэктыву на нявызначаны тэрмін. Калі не хавае яе зусім.

Багданкевіч: “Бліжэйшым часам пэрспэктыва пераходу на расейскі рубель ніяк не праглядаецца. Хоць бы з улікам таго, што ёсьць канстытуцыйнае палажэньне, якое адназначна сьведчыць: на тэрыторыі Беларусі валютай можа быць толькі тая, якая выпускаецца, то бок, эмісуецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь. У іншым выпадку трэба спачатку мяняць Канстытуцыю, а потым толькі пераходзіць на замежную валюту”.

Паводле спадара Багданкевіча, цяпер, адрозна ад ранейшых прэцэдэнтаў рэвізіі Асноўнага закону, кіраўніцтва Беларусі якраз не зацікаўлена перапісваць Канстытуцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG