Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіліся прэзыдэнт Ірану і міністар абароны Беларусі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад прыняў 22-га студзеня міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава, які знаходзіцца ў Іране з візытам. Пра гэта паведаміла беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне ды іранскія мэдыі. Між тым у міністэрстве абароны Беларусі факт сустрэчы міністра абароны Леаніда Мальцава з прэзыдэнтам Ірану Махмудам Ажмадзінэжадам дагэтуль не камэнтуюць. На афіцыйным сайце вайсковага ведамства краіны увогуле няма зьвестак пра знаходжаньне генэрал-палкоўніка Леаніда Мальцава ў Тэгеране.

Паводле іранскіх крыніцаў, прэзыдэнт ісламскай рэспублікі Іран “вітаў разьвіцьцё зносінаў зь Беларусьсю ва ўсіх галінах”. Таксама паведамляецца, што Леанід Мальцаў у Тэгеране меў сустрэчы зь міністрам абароны Ірану Мустафой Наджарам і з галоўнакамандуючым корпусам ісламскай рэвалюцыйнай гвардыі Рахімам Сафары. У часе гэтых сустрэчаў абмяркоўваліся “пытаньні, якія уяўляюць узаемную цікаўнасьць”, – паведамляюць іранскія крыніцы.

Раней незалежныя назіральнікі ў Беларусі не выключалі, што Іран зацікавіўся беларускай зброяй і вайсковай тэхнікай, якую можна выкарыстаць для абароны аб’ектаў, зьвязаных зь ядзернай праграмай Ірану.

Падрабязнасьці чытайце на нашым сайце і слухайце ў эфіры Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG