Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Валенці Ваньковіч 12.5.1800, в. Калюжыца (Бярэзінскі раён) — 12.5.1842, Парыж


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Я мару пра час, калі Полацкі ўнівэрсытэт канчаткова ўладкуецца ў старадаўніх мурах колішніх калегіюму і Акадэміі, а ў ягоных дворыках студэнты й прафэсура будуць сустракацца з сваімі знакамітымі бронзавымі папярэднікамі: паэтам і філёзафам Мацеем Казімерам Сарбеўскім, энцыкляпэдыстам Габрыэлем Грубэрам, гісторыкам Канстантынам Тышкевічам, пісьменьнікам Янам Баршчэўскім... Сярод іх неадменна будзе і помнік жывапісцу-рамантыку Валенцію Ваньковічу, безь якога проста немагчыма ўявіць беларускае мастацтва 1-й паловы ХІХ стагодзьдзя.

Ён пасьпеў скончыць факультэт вольных навук Полацкай alma mater у 1817-м, за тры гады да таго, як расейскія ўлады зачынілі Акадэмію як гняздо вальнадумства й апазыцыі калянізатарам. Бацькі — Мэльхіёр і маці з рэдкім імем Схалястыка — выправілі сына працягваць навучаньне ў віленскіх мэтраў Яна Рустэма і Яна Дамеля. Як найбольш здольнаму вучню, прафэсар Рустэм дазволіў Ваньковічу працаваць у сваёй майстэрні. Там ён стварае алейныя партрэты, якія прыносяць першыя посьпехі. Валенці маляваў духоўна блізкіх яму людзей — Адама Міцкевіча, ягоных сяброў і знаёмых — таксама ўдзельнікаў таемных таварыстваў філяматаў і філярэтаў Францішка Малеўскага, Антона Адынца... Пазьней стасункі з антырасейскімі патрыятычнымі арганізацыямі не дазволяць мастаку атрымаць стыпэндыю на падарожжа ў Італію.

Зьявіўшыся ў Пецярбурскай акадэміі мастацтваў, ён неверагодна хутка для прыбыша і, па сутнасьці, іншаземца атрымлівае ў расейскай сталіцы прызнаньне як найлепшы майстар партрэту. У 1828-м нараджаецца адно з самых значных палотнаў Ваньковіча — “Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг”. Адзін з уражаных сучасьнікаў пісаў: “Бачыў надзвычайны партрэт Міцкевіча... Зь яго б’е дзівоснае падабенства. Нельга знайсьці нічога больш дасканалага”. Такіх думак трымаўся, відаць, і сам герой партрэту, бо замовіў зь яго тры копіі.

Пасьля вяртаньня зь Пецярбургу быў дзесяцігадовы менскі пэрыяд, калі маёнтак і майстэрня Ваньковіча у Малой Сьляпянцы зрабіліся галоўным мастацкім асяродкам гораду. Аднак Ваньковіч трапляе ў магутную духоўную залежнасьць ад вядомага містыка Андрэя Тавянскага, які лічыў Хрыста першым мэсіяй, за якім ідуць іншыя, у тым ліку і сам ён. Пад уплывам гэтага вучэньня Ваньковіч і стварае свой славуты цыкль, прысьвечаны Напалеону, яшчэ аднаму “мэсіі”.

У 1839-м Валенці ад’язджае зь Менску ў Заходнюю Эўропу. Акалічнасьці гэтае вандроўкі, як і сыход мастака ў іншы сьвет, дагэтуль застаюцца таямнічымі. Існуе легенда, паводле якой ён пакінуў сям’ю і радзіму на заклік Тавянскага. Той пераехаў з прыхільнікамі ў Парыж і заснаваў там таемную арганізацыю “Справа Божая”, прызначыўшы Ваньковіча яе мастаком, а за адным разам і прадказаўшы яму хуткую сьмерць у дзень нараджэньня.

Свае апошнія, парыскія месяцы Валенці жыве ў доме Міцкевіча і памірае пры ім сапраўды ў дзень свайго зьяўленьня на сьвет.

Сёньня Беларусь ня мае аніводнай ягонай карціны. Створаныя Ваньковічам выдатныя партрэты захоўваюцца ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Польшчы, Расеі... Але гэта не аргумэнт супроць таго, каб мець помнік мастаку ня толькі ў Полацку, але і ў Менску. Пагатоў праект у скульптара Алеся Шатэрніка ўжо даўно гатовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG