Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Чэрвеня – пра падвышэньне камунальных плацяжоў


Радыё Свабода, Чэрвень Якое падвышэньне камунальных плацяжоў здольны вытрымаць ваш сямейны бюджэт? На гэтае пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода адказваюць жыхары Чэрвеня.

Спадарыня: “Невялікае”.

Спадарыня: “Абяцаў прэзыдэнт, што не больш як на 5 даляраў павялічыцца. Толькі гэта вытрымае наш сямейны бюджэт”.

Спадар: “Не нашмат. Нам наагул не патрэбна падвышэньне -- гэта натуральна. Але ж бяз гэтага не абысьціся. З часам усё роўна ўсё будзе павялічвацца”.

Спадарыня: “Калі павялічыцца да вялікіх памераў, то будзе цяжкавата. Таму што палову зарплаты трэба будзе аддаць на камунальныя паслугі. У нас жа ў Чэрвені, як мне здаецца, больш за 300-400 тысяч ніхто не атрымлівае”.

Спадарыня: “Я цяпер не магу вытрымаць. У мяне 120 тысяч рублёў за кватэру кожны месяц трэба плаціць. У нас я працую адна, бо маці і сястра не працуюць. Таму мне й цяпер задорага газ і сьвятло абыходзяцца”.

Спадарыня: “Газ трохі эканомім. Адключаем, каб менш плаціць”.

Спадар: “Як эканомім? Печку ўчора прапаліў, а газ не ўключаў. Эканомім капейкі. Бо газ дарагі”.

Спадарыня: “Такое жыцьцё”.

Спадар: “Сям’я наша жыве няблага. Бо дачка працуе ў школе мастацтваў -- мае тут добрую нагрузку, а сын – дробны прадпрымальнік тут, у Чэрвені. І жывём мы ў сваім доме прыватным. А што будуць рабіць малазабясьпечаныя людзі, якія жывуць у камунальных кватэрах, я ня ведаю. Цяжка ім будзе”.

Спадарыня: “У мяне малая пэнсія. Дапамагаюць дзеці – то адзеньнем, то абуткам. Дачка пайшла замуж у Галяндыю, дык трохі “анучамі” забясьпечыла. Плакаць хочацца ад такога жыцьця”.

Спадарыня: “Бог яго ведае. Калі прымусяць плаціць, то вытрымае любы бюджэт. Але вось што тычыцца аказаньня паслуг, то як зьвяртаесься ў наша ЖКГ, там кажуць: “Навошта вам гэта трэба?” Ванна цячэ, дык дадуць нейкага п’яніцу, а ён пойдзе -- і праз суткі ўсё зноў цячэ. Суседзі ідуць скардзяцца. Але плату любую прымусяць плаціць”.

Спадарыня: “Ніякага падвышэньня. Я атрымліваю 150 тысяч рублёў і муж 150 тысяч. Ён працуе тут на аўтабазе, і яму ўсё памяншаюць і памяншаюць заробак”.
XS
SM
MD
LG