Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі будуць змагацца за права на працу


Радыё Свабода Лідэры прадпрымальніцкага руху маюць намер арганізаваць сэрыю акцыяў у абарону права на працу. Як заявіў адзін з кіраўнікоў каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, указ прэзыдэнта № 760 "не пакідае прадпрымальнікам шансаў на існаваньне".

Са словаў спадара Макаева, паказальна тое, што ўдзельнічаць у акцыях дзеля адмены ўказу вырашылі многія чальцы радаў прадпрымальнікаў, створаных на рынках на ўказаньне ўладаў. Шмат якія нормы ўказу, напрыклад такія, як вядзеньне бізнесу з трыма наёмнымі работнікамі-сваякамі, абсурдныя, лічыць ён.

Каардынацыйная рада распрацавала плян сумесных зь іншымі прадпрымальніцкімі структурамі дзеяньняў на найбліжэйшы час, галоўная мэта якіх – адмена ўказу № 760. "Мы прапаноўваем усім аб''яднацца ў барацьбе за свае правы. Зараз ня час для высвятленьня адносінаў, калі само існаваньне індывідуальных прадпрымальнікаў знаходзіцца пад пагрозай", – заявіў актывіст руху ў інтэрвію БелаПАН.

Прадпрымальнікі наважаныя стварыць са свайго актыву адзіны рэспубліканскі страйкавы камітэт, куды будуць уключаныя прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў. Апроч збору подпісаў за адмену ўказу, каардынацыйная рада мае намер у найбліжэйшы час падрыхтаваць юрыдычнае абгрунтаваньне прававых нормаў указу на прадмет адпаведнасьці Канстытуцыі ў частцы права на працу, а таксама эканамічнае абгрунтаваньне на прадмет зніжэньня падаткавых паступленьняў у бюджэт, павелічэньня сродкаў для дапамогаў па беспрацоўі і г.д.

У сакавіку плянуецца правядзеньне мітынгу ў Менску з удзелам прадпрымальнікаў з рэгіёнаў пад лёзунгам "Свабоду прадпрымальніцтву", а 1 траўня – мітынгу з удзелам наёмных работнікаў пад лёзунгам "Абаронім права на працу". Спадар Макаеў не выключае, што такія мітынгі пройдуць і ў іншых гарадох Беларусі. Прадпрымальнікі таксама зьбіраюцца дамагчыся правядзеньня ў Палаце прадстаўнікоў слуханьняў пытаньня "Пра праблемы развіцьця малога бізнэсу ў Беларусі".
XS
SM
MD
LG