Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыяжджаюць уплывовыя нямецкія палітыкі


Радыё Свабода Сёньня ў Менск прыбываюць Генэральны сакратар кіроўнай партыі Нямеччыны - ХДС - Рональд Пофала і дэпутат Бундэстагу, міжнародны каардынатар ад фракцыі зялёных Марылюіза Бэк. Як паведамляе прэсавая служба Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, сваім візытам уплывовыя нямецкія палітыкі «хочуць падтрымаць беларускую апазыцыю ў яе мірным змаганьні за правы і свабоды чалавека ў Беларусі, а таксама атрымаць ўражаньне пра палітычную сытуацыю, якая склалася ў краіне праз год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і неўзабаве пасьля мясцовых выбараў».

Учора ў Бэрліне Рональд Пофала заявіў, што днямі ён ізноў зьвяртаўся да беларускіх уладаў з заклікам зрабіць бесперашкоднай працу для супрацоўнікаў СМІ, а таксама вызваліць беларускіх вязьняў. У часе свайго двухдзённага візыту ў Менск нямецкія палітыкі маюць намер абмеркаваць правы чалавека ў Беларусі, а таксама энэргетычную палітыку. Яны сустрэнуцца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, няўрадавых арганізацыяў, з былымі палітвязьнямі, у прыватнасьці, зь Сяргеем Скрабцом і адвакатамі тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі – у прыватнасьці, з абаронцам Аляксандра Казуліна Ігарам Рынкевічам.

Паводле Рональда Пофалы, Бэрлін чакае ад Менску вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў.

Пофала: “Мы чакаем неадкладнага вызваленьня былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Мы хочам даць сыгнал тым, хто падпадае пад рэпрэсіі: мы ў Нямеччыне не забыліся пра іх, мы разам зь імі. Таксама ў часе візыту мы хацелі атрымаць актуальную інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі”.

Гэтым разам Генэральны сакратар ХДС ізноў сустрэнецца зь лідэрам аб''яднанай беларускай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам. Паводле Пофалы, «нямецкія хрысьціянскія дэмакраты маюць намер і надалей падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча. Зразумела, у выпадку, калі ён мае ў гэтым патрэбу».

«Гэта вельмі ўражвае, зь якой рашучасьцю Мілінкевіч і ягоныя сябры па палітычным руху змагаюцца за дэмакратычнае разьвіцьцё ў сьвеце», – кажа лідэр нямецкіх хрысьціянскіх дэмакратаў.

Цягам 10 апошніх месяцаў Рональд Пофала ўжо трэці раз наведвае Менск. Два месяцы таму, у лістападзе, генэральны сакратар ХДС браў удзел у адкрыцьці беларуска-нямецкай імпрэзы «Менскі форум». Разам зь ім тады зьбіралася ў Менск і Марылюіза Бэк, аднак тады беларускія ўлады адмовілі ёй у візе.
XS
SM
MD
LG