Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля кінатэатру “Кастрычнік” у Менску спаўняюцца жаданьні


Радыё Свабода Паляўнічыя і арнітолягі ў Беларусі фіксуюць, што ў цёплую і бясьсьнежную зіму пачасьціліся анамальныя паводзіны птушак і зьвяроў. Паведамляецца, што ў лясах на Віцебшчыне адмаўляюцца ад зімовай сьпячкі бурыя мядзьведзі. На Гарадзеншчыне ў лебедзяў прападае інстынкт пералёту, а на Берасьцейшчыне ў гэтыя дні заўважаныя белыя чаплі.

Дрэнная навіна пра беларускіх мядзьведзяў, некаторыя зь якіх да цяперашняга часу ня ўлегліся на зімовую сьпячку, дайшла да нас. Вядучы інжынэр Расонскай лесапаляўнічай гаспадаркі Франц Варсло паведаміў:

“У нас тут побач мяжа. Вось расейцы і адстрэльваюць нашых мядзьведзяў. Аднаго, які важыў кіляграмаў трыста, забілі. Мы іх для кагосьці гадуем!”

Са словаў Франца Варсло, Расонская лесагаспадарка мае 60 тысяч гектараў. Тут найвялікшыя ў Беларусі папуляцыі глушцоў, рабчыкаў, зайцаў, казуляў. Аднак у цёплую зіму гэтыя віды становяцца лёгкай здабычай драпежнікаў. “Як няма сьнегу, то, напрыклад, немагчыма рэгуляваць колькасьць ваўкоў празь паляваньне на іх”, – даводзіць Франц Варсло.

Варсло: “Толькі ў нашай гаспадарцы сёлета тры новыя вывадкі. А кожнаму ваўку ў год трэба паўтары тоны мяса. Вось і лічыце, колькі неабходна дзічыны, калі тут будуць гуляць 50 ваўкоў. Застануцца яны на лета – канец гаспадарцы”.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя інфармуе, што на сёньня ў лясах Беларусі колькасьць ваўкоў павялічылася да двух тысяч. Лісіц – да 50 тысяч. Янотаў – да 10 тысяч. Як цьвердзіць начальнік аддзелу Мінпрыроды Віталь Каранчук, у гэтую зіму драпежнікі пагражаюць пакінуць лясы бяз зайца-беляка:

Каранчук: “Яны зьмянілі сваё футра шэрае на белае. І лёгка цяпер прыкметныя для ўсіх драпежнікаў. І ваўка, і рысі, і лісіцы...”.

Якраз у цяперашнія дні ў Беларусі доўжыцца пералік зімуючых птушак. Пра выяўленыя анамальныя зьявы паведамляе сябра Таварыства “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Руслан Шайкін:

Шайкін: “У раёне горада Бяроза на возеры Белае зафіксаваная белая чапля. У Менскім раёне мы назіралі пару белых буслоў, якія зьяўляюцца клясычнымі пералётнымі птушкамі, але цяпер засталіся зімаваць.

Увогуле, перажыць цёплы зімовы пэрыяд птушкам значна лягчэй. Але цяпло не вырашае ўсіх праблемаў. Да прыкладу, такі від, як белая курапатка. Мяркую, што ня варта тлумачыць, у якую пастку патрапляе птушка, якая занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі”.

Руслан Шайкін расказвае, што ля кінатэатра “Кастрычнік” у Менску штодня можна пабачыць альбіноса – белага вераб’я. Людзі, якія кормяць яго крошкамі і семкамі, кажуць, што калі тут загадаць жаданьне, яно абавязкова споўніцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG