Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 22 студзеня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

У беларускіх блогах сёньня досыць актыўна абмяркоўваць навіну пра тое, як удзельнік праграмы Каліноўскага гомельскі студэнт Улад Міхайлаў прызнаўся польскім журналістам у тым, што супрацоўнічаў зь беларускім КДБ. Сваё прызнаньне ён апублікаваў таксама ва ўласным дзёньніку, дзе ён выступае пад нікам der_oper: “Я прашу дараваньня… У праграму Каліноўскага мяне не ўкаранялі. Гэта было маё рашэньне. Гэта была спроба неяк сысьці ад КДБ і двайной, а можа нават і трайной гульні… Да дзяньняў Беларускага тэлебачаньня ды іншых правакацыяў у праграме я ня маю ніякага дачыненьня. Я таксама засьцерагаю вас, сябры, ад пасьпешлівых рашэньняў і дзеяньняў. Я папросту спадзяюся на вашае разуменьне праблемы…” – піша der_oper.

Чытачы ягонага блогу камэнтуюць: “Добра, што ты знайшоў сьмеласьць прызнацца ва ўсім! За гэта я цябе паважаю, хоць асабіста мы і не знаёмыя”.

“За свае ўчынкі трэба адказываць. Думаў, вельмі проста ачысціцца ад такога бруду прызнаўшыся й даўшым інтэрв''ю?”

“Ведаеш, па-чалавечы я цябе разумею… Але цікава – што і з чыёй падачы тут адбываецца… А ў бескарысьлівасьць я ўжо даўно ня веру”.

“Гэта здрада! Прычым прыкрая здрада. Цераз такіх, як ты я не магу на магілу да бацькі трапіць… Чаму мы змаглі супрацьстаяць, а ты не?!”

“Цераз такога чалавека, як гэты, я атрымаў 2 гады хіміі. Цераз такога як ён, я не магу пабачыцца зь сябрамі. Да што з сябрамі, з бацькамі. Цераз такога чалавека я мушу яшчэ мінімум 5 гадоў (спадзяюся тут я не маю рацыю) знаходзіцца ў Польшчы”.

“Чалавек адважыўся на вельмі мужны крок. А вы не падумалі, што яму цяпер пагражае небясьпека? Прычым з двух бакоў – і ад такіх "раўніцелеў", як вы, і ад КДБ… Тое, што ен распвядзе, многім можа дапамагчы”.

Аляксандар Брэчэк у сваім блогу на сайце www.telegraf.by разважае пра “энэргетычнае НАТО”, якое, напэўна, створаць рана ці позна створаць чальцы альянсу, каб не залежаць ад даставак энэрганосьбітаў з Расеі. Што чакае ў такім выпадку Беларусь? “Часы мяняюцца й неяк незаўважна мы апынуліся ня проста “ў цэнтры Эўропы”, а ў яе эпіцэнтры – паміж Сцылай “энэргетычнага НАТО” і Харыбдай “Пятай вуглевадароднай імпэрыі”. Выбар у нас, па сутнасьці, вельмі невялікі. Альбо разам з Украінай туды, у “энэргетычнае НАТО”, альбо ў супрацьлеглы бок, у “саюзную дзяржаву” з Расеяй, няхай фармальна й ня страчваючы ўласную незалежнасьць, але застаючыся васальна залежным ад яе “транспартным калідорам” у Эўропу”.

Удзельнікаў форумаў парталу TUT.by сёньня зацікавіла такая навіна: кожны пяты беларускі пэнсіянэр працягвае працаваць. Рэакцыі ўдзельнікаў:

“Як яны асьмеліліся працаваць? У іх жа ж “годная пэнсія”.

“Ня надта й трымаюць пэнсіянэрыў на парцы. Год па кантракце й пакуль. Застаецца толькі праца вартаўнікоў і прыбіральніцаў”.

“Калі праца ня брудная й фізычна ня цяжкая, дык усе пэнсіянэры з задавальненьнем працягвалі б працаваць. Выхад на пэнсію – гэта аўтаматычнае паніжэньне статусу чалавека”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG