Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: "Гэта зьява па-за межамі нашай культуры"


Радыё Свабода, Прага Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк выказаў сваё меркаваньне пра ананімны тэкст “Зянон-Хоп”, які апошнімі тыднямі б’е рэкорды папулярнасьці ў беларускім сеціве.

Пазьняк: "Гэта зьява цалкам маргінальная і ляжыць па-за межамі нашай культуры. Таму яна не камэнтуецца ў культурным грамадзтве. Ёсьць розныя маргінальныя групы, нават, скажам, складаюць песьні ў турме, маглі б скласьці песьню кшталту "Сіжу на нарах, как кароль на іменінах, і Пазьняка паляпваю па плячы". Ну і што -- культура павінна гэта камэнтаваць? Культура не камэнтуе такіх рэчаў, таму што ня можа дно быць верхам. Ёсьць пэўныя правілы ў мастацтве, у культуры, у дачыненьнях. І таму я ніякіх камэнтароў не даю па сутнасьці таго, што напісана, таму што гэта не задача культурных людзей і не задача сродкаў масавай інфармацыі".

Зянон Пазьняк кажа, што прачытаў тэкст пасьля таго, як яму затэлефанаваў сябра і даслаў яму Інтэрнэт-спасылку.

Пазьняк: "Я дакладна ня памятаю -- здаецца, ў Юльляна Німцэвіча была навэла ці сюжэт. Ёсьць фартэпіяна, белае выдатнае, на ім граюць, складаюць сымфоніі, выдатную музыку. Потым бяруць фартэпіяна і выкідаюць ў вакно на брук. Яно разьбіваецца на дробныя кавалачкі. І далей ідзе сэнтэнцыя – "ідэал сенгнул бруку" – у перакладзе "ідэал дайшоў да дна". Дык вось паўтараю -- дно ня можа быць верхам".

Мы запыталіся ў Зянона Пазьняка ці лічыць ён, што ананімны тэкст скіраваны супраць яго, як палітыка.

Пазьняк: "Чалавек, які гэта пісаў, не чакаў выніку, які атрымаецца. Таму ён закрыў свой блог і не адзываецца. Хутчэй за ўсё, што гэта так, што вынік аказаўся зусім іншым. Я б не сказаў бы, што там пасьлядоўная нянавісьць да майго імя выражаная, не -- атрымалася наадварот. Але паўтараю - гэта ня тэма для культурнага абмеркаваньня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG