Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каліновец меўся зьбіраць інфармацыю пра сына Мілінкевіча для КДБ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дырэктар стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі заявіў, што магчымая прысутнасьць агентаў сярод студэнтаў зь Беларусі не паўплывае на рэалізацыю праграмы. Адзін зь беларускіх студэнтаў-каліноўцаў прызнаўся польскім мэдыям, што ён – агент беларускага КДБ, які працаваў пад мянушкай “Вэктар”.

Пра агента КДБ сярод студэнтаў-каліноўцаў напісала польская газэта “Tygodnik powszechny” – 20-цігадовы студэнт з Гомлі, сябра АГП Уладзіслаў Міхайлаў сам зьвярнуўся да журналістаў, якім “змог паверыць”, каб расказаць прэсе пра свае сувязі зь беларускімі спэцслужбамі.

Уладзіслаў паведаміў, што яму пагражалі адлічэньнем з Гомельскага ўнівэрсытэту, патрабуючы, сярод іншага, інфармацыі пра крыніцы фінанаваньня дзейнасьці гомельскіх недзяржаўных арагнізацыяў, пра журналістаў беларускай службы Радыё Свабода, якія працуюць на Гомельшчыне.

Ужо ў Польшчы ён – агент “Вэктар” – меўся ў тым ліку праз амбасаду перадаваць інфармацыю пра тое, як жывуць студэнты праграмы Каліноўскага, сярод іншых – пра сына Аляксандра Мілінкевіча.

Прызнаньні Ўладзіслава Міхайлава, які сказаў, што больш ня мог з гэтым жыць і таму вырашыў пра ўсё расказаць, не паўплываюць на саму праграму імя Кастуся Каліноўскага, лічыць дырэктар праграмы доктар Ян Маліцкі:

Маліцкі: “Я думаю, што на рэалізацыю ўсёй праграмы гэта ня будзе мець уплыву, бо цяжка ўявіць, каб прэм’ер ці ўрад вырашылі, што трэба спыніць праграму з-за таго, што сярод студэнтаў быў агент КДБ. Ня думаю”.

Між тым адзін з аўтараў публікацыі, журналіст газэты “Tygodnik powszechny”Анджэй Бжэзeцкі кажа, што на 100% не ўпэўнены што да мэты беларускага студэнта, які расказаў пра сваё супрацоўніцтва з КДБ.

Бжезeцкі: “Мы да канца ня ведаем, якія былі намеры гэтага чалавека, але мяркуем, што ён хацеў сказаць праўду і робіць гэта, кіруючыся добрымі памкненьнямі. Магчыма, ён ня мог ужо жыць у стане раздвоенасьці, у канфлікце з сумленьнем, і вырашыў расказаць пра гэта ўсім. Гэты чалавек расказаў нам, як КДБ зь ім абыходзілася – вельмі непрыемна, нядобра, яшчэ ў Беларусі”.

У сваю чаргу Пётр Немчык, адзін са стваральнікаў сучасных польскіх спэцслужбаў, не выключае, што Ўладзіслаў Міхайлаў зусім ня быў істотнай крыніцай для КДБ, а шум вакол ягонай асобы можа служыць адцягваньню ўвагі ад іншых, больш важных агентаў, якія працуюць сярод студэнтаў.

Сам Уладзіслаў Міхайлаў мае адключаны тэлефон. У распаўсюджанай у інтэрнэце заяве ён заяўляе, што цалкам спыніў кантакты з КДБ напрыканцы мінулага году і просіць прабачэньня ва ўсіх, каму ягонае супрацоўніцтва магло прынесьці шкоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG