Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім быў украінскі адказ на леташні скачок цэнаў на энэрганосьбіты?


Радыё Свабода Пра гэта распавядае дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны ад Партыі рэгіёнаў, доктар эканамічных навук Аляксей Плотнікаў.

Плотнікаў: “Што тычыцца таго, якія захады рабіла Ўкраіна, то нельга сказаць, што яны былі сапраўды дзейснымі. Усё ж такі для насельніцтва ў першым квартале 2006 году захоўваліся цэны на паліва, якія былі пазалетась. На ўзроўні прадпрыемстваў у пэўнай ступені пачалася кампанія энэргаашчаджэньня, заахвочваліся прадпрыемствы, якія ашчаджалі газ, але нейкіх надзвычайных захадаў не было. Гэты скачок цэнаў паўплываў на сабекошт прадукцыі, на прыбытковасьць прадпрыемстваў, вырасьлі і выдаткі насельніцтва, але я не магу скажаць, што былі нейкія надзвычайныя захады.

Эканоміка перажыла гэта досыць спакойна. Высокі кошт энэрганосьбітаў прастымуляваў тое, што прамысловасьць і насельніцтва сталі спажываць менш. Энэргаёмістасьць зьменшылася, але не таму, што былі ўведзеныя нейкія новыя тэхналёгіі энэргаашчаджэньня, размова ішла хутчэй пра аптымізацыю – газ перасталі выкарыстоўваць там, дзе выкарыстоўвалі раней, у часы нізкіх цэнаў.

Для ўкраінскага насельніцтва гэты скачок цэнаў быў ня надта заўважальны, бо газ, які ідзе на спажываньне грамадзянаў, ідзе з украінскіх крыніцаў. Таму хаця з другога кварталу яна падвысілася, але не настолькі, наколькі вырас кошт расейскага газу. І тут не зусім карэктна параўноўваць, скажам, з краінамі Балтыі напачатку 1990-х гадоў, бо там наагул не здабываецца газ. А ва Ўкраіне ўласнай здабычы дастаткова, каб забясьпечыць патрэбы насельніцтва.

Ва Ўкраіне існуе праграма зьніжэньня энэргаёмістасьці прамысловасьці, прынятая летась. Там былі разумныя ідэі пра энэргаашчаджальныя тэхналёгіі, пра альтэрнатыўныя крыніцы энэрганосьбітаў. Але пра эфэктыўнасьць гэтай праграмы мне казаць цяжка, бо нельга раптоўна знайсьці альтэрнатыўныя крыніцы, перасьці на тэхналёгіі, якія ашчаджаюць энэргію. Але гэта прастымулявала тое, што дзяржава занялася энэргаашчаджэньнем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG