Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выжывала літоўская эканоміка пасьля падвышэньня цэнаў на газ?


Радыё Свабода 15 гадоў таму, калі краіны Балтыі набылі незалежнасьць, Расея адразу ж пачала прадаваць ім энэрганосьбіты па рынкавых цэнах. Як у тых умовах выжывала насельніцтва і як выжывала эканоміка? Распавядае старшыня літоўскай партыі кансэрватараў, былы прэмьер-міністар Літвы Андрус Кубілюс.

Кубілюс: “Гэта было ясным прызнаньнем таго, што мы робімся незалежнай дзяржаваю, зь якой Расея гандлюе на такіх жа ўмовах, як і з краінамі Заходняй Эўропы.

Зразумела, на самым пачатку, калі газавыя цэны падвысіліся, мы жылі на пазыках Міжнароднага Валютнага Фонду і Ўсясьветнага банку. І гэтая дапамога была вельмі патрэбная. З другога боку, нашыя вытворцы вымушаныя былі вельмі хутка знайсьці свае нішы як на мясцовым рынку, гэтак і на замежных. Напачатку гэта быў усё яшчэ рынак Расеі, але да 1998 году абылася значная пераарыентацыя нашага гандлю, зараз большая частка нашага экспарту ідзе на Захад.

Я лічу вельмі карысным тое, што мы ўжо даўно працуем на нармальных цэнах на газ, бо калі б мы працавалі на танным газе, то быў бы псыхалягічны бар''ер разьвіцьця прадукцыйнасьці сваёй вытворчасьці. Было б прасьцей не шукаць міжнародныя рынкі, а спадзявацца на танныя рэсурсы. Калі эканоміка спадзяецца на танныя рэсурсы, яна робіцца вельмі залежнай ад гэтых рэсурсаў, і гэта пагражае ёй вялікімі праблемамі і ў рэшце рэшт вялікай катастрофай”.

Гэта быў старшыня партыі кансэрватараў Літвы, былы кіраўнік ураду гэтай краіны Андрус Кубілюс. Калегу дапаўняе дапаўняе дэпутат Сэйму Літвы Вацлаў Станкевіч:

Станкевіч: “Зразумела, гэта было неспадзявана для Літвы. Але, з другога боку, людзі разумелі, што Літва ідзе да незалежнасьці. І калі мы канстатавалі, што Масква ўзьнімае цэны на газ і асабліва на мазут, то і ўрад, і літоўскае грамадзтва зразумелі, што трэба эканоміць.

Памятаю, што адну зіму гарачая вада падавалася ў дамы ня кожны дзень. Было цяжка, але ўсе ведалі, чаму гэта так робіцца. Амаль усе жыхары Літвы мелі адзіную мэту – зрабіць Літву незалежнай краінай. Таму цярпелі. А цяпер у нас, здаецца, усё добра.

Грамадзяне Беларусі павінны зразумець, што ўсё каштуе: каштуе газ, каштуе мазут, каштуе цяпло ў іх дамох. Я цяпер, на жаль, нячаста, але бываю ў Беларусі, і бачу, што там людзі мяркуюць, што гэта ўсё мусіць быць задарма, што пра гэта мусіць клапаціцца ўрад і ніхто болей. Трэба ўсё лічыць і трэба эканоміць. У нас напачатку 1990-х гадоў людзі масава куплялі лічыльнікі цяпла. Потым, памятаю, пачалі мяняць вокны ў школах, у грамадзкіх установах, у кватэрах, каб эканоміць цяпло. І так, крок за крокам, грамадзтва прызвычайваецца да таго, што ўсё каштуе, што ўсё трэба лічыць, і такім чынам пераходзіць да рынкавай эканомікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG