Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія прадпрыемствы не разьлічваюць на істотныя льготы ў аплаце газу


Валер Каліноўскі, Менск Пра тое, як ва Ўкраіне прыстасоўваліся да падвышаных коштаў на энэрганосьбіты, “Свабодзе” апавёў эканамічны аналітык кіеўскага Дасьледчага цэнтру імя Разумкова Ўладзімер Сапрыкін.

Летась Украіна перайшла на рынкавыя кошты газу. Як і сёлета для Беларусі, рост цаны газу склаў каля 100% — з 50 даляраў за тысячу кубамэтраў да 95.

Сапрыкін: “У прынцыпе, дзяржава разьмеркавала нагрузку на прамысловыя прадпрыемствы — і ў меншай ступені на насельніцтва. Нейкіх новых схемаў кампэнсацыі выкарыстана не было. Летась амаль уся прамысловасьць вытрымала гэтыя цэны, для прадпрыемстваў яны складалі каля 140 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. Цяпер газ на мяжы каштуе 135 даляраў за тысячу кубамэтраў, але для прадпрыемстваў з усімі падаткамі, выдаткамі газ каштуе 195 даляраў”.

Украінская эканоміка збольшага змагла прыстасавацца да новых тарыфаў на газ:

Сапрыкін: “Адрозна ад беларускай значная частка ўкраінскай прамысловасьці ўжо прыватызаваная, найперш мэталюргічныя заводы. Яны мелі сродкі й час для пераабсталяваньня, зьмяншэньня спажываньня прыроднага газу, перайшлі на коксавы газ ды іншае. Сёлета ёсьць пэўныя пытаньні адносна хімічнай прамысловасьці — яна амаль уся будзе нерэнтабэльнай”.

Украінскі ўрад можа выкарыстаць вельмі невялікія зьніжкі для асобных прадпрыемстваў, на нейкія істотныя льготы ў аплаце газу яны разьлічваць ня могуць, кажа Ўладзімер Сапрыкін. А што да нафты, то яна ўжо шмат гадоў пастаўляецца ва Ўкраіну паводле рынкавых коштаў з улікам расейскага экспартнага мыта 180 даляраў за тону. Пры гэтым бэнзін ва Ўкраіне таньнейшы, чым у Беларусі, — коштам таго, што там амаль у два разы меншыя акцызы. Ва Ўкраіне 95-ты бэнзін каштуе 3 грыўні 90 капеек за літар — каля 77 амэрыканскіх цэнтаў, такі ж бэнзін у Беларусі каштуе 2100 рублёў — амаль 1 даляр.
XS
SM
MD
LG