Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Пуцін: "Супрацоўніцтву -- так! Паразытаваньню -- не!"


Радыё Свабода "Супрацоўніцтву -- так! Паразытаваньню -- не!", расейская газэта "КоммерсантЪ" цытуе прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна. Гэтак ён акрэсьліў цяперашнюю расейскую палітыку ў сфэры паставак энэргарэсурсаў у Эўропу на прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.

"Усё, што робіцца Расеяй у апошнія гады, скіравана на тое, каб стварыць адзіныя празрыстыя рыначныя ўмовы супрацоўніцтва, - сказаў Уладзімер Пуцін. -- Калі вы ўспомніце гісторыю з Украінай, то тады казалі нават аб нейкай энэргетычнай зброі. Зараз, у выпадку з іншымі краінамі, аб энэргетычнай зброі ніхто ўжо не кажа". Пуцін, як зазначае "КоммерсантЪ", праўдападобна, меў на ўвазе Беларусь. “Яму было прыемна нагадаць, што год таму мала хто ў Эўропе наагул верыў у тое, што Расея ўзьніме цану на энэрганосьбіты для братняй краіны, якая перапрадае гэтыя энэрганосьбіты ў Эўропу з уражвальнымі каэфіцыэнтамі”, піша выданне.

Расейскі прэзыдэнт нагадаў, што "ў ранейшыя часы, калі вуглевадароды дастаўляліся па тэрыторыі рэспублік Савецкага Саюза і Варшаўскай дамовы, не было ніякіх праблем". "Сёньня сытуацыя зьмянілася. І мы хочам супрацоўнічаць з транзытнымі дзяржавамі, але на ясных і агульных для ўсіх прынцыпах узаемадзеяньня, агульных для ўсіх, пазбаўленых якой бы там ні было палітычнай або іншай кан''юктуры. Мы паскорым нашу працу па пракладцы трубаправодных сыстэм да берага Ціхага акіяна, пашырым магчымасьці па транспарціроўцы вуглевадародаў на Поўначы, у тым ліку на паўночным захадзе Расіі, каб зьменшыць нашу залежнасьць ад транзытных дзяржаў", - паведаміў Уладзімер Пуцін.
XS
SM
MD
LG