Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьмяніць Лукашэнку можа толькі прагматычная прарасейская намэнклятура, якую падтрымае Масква...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 20 студзеня 2007 году

Як могуць разгортвацца палітычныя падзеі ў Беларусі ў бліжэйшыя месяцы – пасьля таго, як на эканоміцы пачнуць адбівацца наступствы беларуска-расейскага гандлёвага канфлікту? І ці здолее выкарыстаць магчымыя зьмены ў краіне на сваю карысьць беларуская дэмакратычная апазыцыя? Вялікі ліст з развагамі на гэту тэму даслаў нам Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:

“Лукашэнка аслаблены канфліктам – гэта відавочна. І рана ці позна на арэну непазьбежна выйдзе вышэйшая намэнклятура, якая зробіць стаўку на якога-небудзь Сідорскага – дзеля таго, каб прыватызаваць усё і пажыць дзеля свайго задавальненьня – так, як гэта зроблена ў суседзяў, у Расеі і ва Украіне. Толькі прагматычная прарасейская намэнклятура, якую падтрымае Масква, можа зьмяніць Лукашэнку – але зусім не Мілінкевіч ці хто-небудзь іншы з апазыцыі. Ні Лукашэнка, ні які-небудзь калектыўны прэзыдэнт ад наменклятуры ня здольныя перарабіць беларусаў у літоўцаў, палякаў ці эстонцаў. Мілінкевіч жа ніколі ня меў і ня будзе мець свайго празаходняга і антырасейскага выбарца, які мацаваў і трымаў Юшчанку і Цімашэнку з Галічыны і Правабярэжнай Украіны. Так, нават такія як я, Марціновіч, былі б рады, каб канфлікт скончыўся інакш. Напрыклад, так: народ бунтуе; Лукашэнка ў паніцы; на п’едэстал узьлятае Мілінкевіч, які абвяшчае: “Хопіць мець справу з СНД і Расеяй, за ўсё трэба плаціць. А таму бярэм курс на Эўразьвяз і пабудову швэцкіх мадэляў”. Але гэтак жа я магу спадзявацца на тое, што раптам выявіцца, нібы мой стрыечны брат па цётцы з Бабруйску – мільярдэр Біл Гейтс. Трэба жыць у рэальным сьвеце і цьвяроза ацэньваць дзікі абыватальскі люд”,–

– гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Усё так, спадар Марціновіч, але трэба мець на ўвазе і тое, што народ, грамадства, насельніцтва – гэта ня нейкая застылая акамянелая маса зь нязьменнымі поглядамі на сваё жыцьцё і будучыню. Напрыканцы мінулага года аўтарытэтныя расейскія сацыялягічныя службы (у прыватнасьці, ВЦІОМ), якія дасьледавалі стаўленьне грамадскай думкі у трох славянскіх постсавецкіх дзяржавах да ідэі новага аб’яднаньня ў адну краіну выявілі адну, здавалася б, парадаксальную рэч: прыхільнікаў такога аб’яднаньня ў Беларусі меней, чым ва Украіне і Расеі. А тых, хто хацеў бы, каб іх краіна стала часткай аб’яднанай Эўропы, у Беларусі якраз найболей (28 працэнтаў у Беларусі супраць 15-ці працэнтаў ва Украіне і 11-ці – у Расеі). І гэтыя суадносіны з кожным годам мяняюцца зусім не на карысьць тых, хто марыць пра аднаўленьне вялікай дзяржавы са сталіцай у Маскве. Нядаўні востры энергетычны крызіс, наступствы якога Беларусь адчуе ў блізкай будучыні (і потым будзе адчуваць яшчэ вельмі доўга) таксама немінуча адаб’ецца на грамадскіх настроях. Дадайце да гэтага выразную антырасейскую танальнасьць афіцыйных беларускіх мэдыяў і шырокія праграмы студэнцкіх абменаў, па якіх дзесяткі тысячаў беларускіх студэнтаў выязджаюць на Захад… Беларускае грамадства становіцца іншым, і падыходзіць да яго сёньня зь меркамі 90-х гадоў ужо не выпадае.

Ліст з пасёлка Друя Браслаўскага раёну. Яго аўтар – Любоў Альшэўская, але падпісацца пад лістом маглі б і многія іншыя жыхары пасёлка. Насельніцтва Друі – больш як 1100 чалавек. Яшчэ нядаўна тут быў шпіталь, але ўлады яго закрылі – пакінулі некалькі так званых «сацыяльных» ложкаў – для беспрытульных ды адзінокіх старых. Слухачка з гэтай нагоды піша:

«Хочацца ведаць: каму гэта выгадна? Хто вырашыў эканоміць на здароўі людзей? Цяпер «хуткая дапамога» прыязджае да нас з райцэнтра – гэта 32 кілямэтры. Толькі з гэтай прычыны у нас памерла некалькі чалавек – не дачакаліся «хуткай». Да людзей сталага веку «хуткая» часам увогуле не выязджае, а часам у іх няма бэнзыну – таму ня едуць. Няўжо краіна так шмат зэканоміць на нас, жыхарах Друі? А паспрабуй легчы на лячэньне ў райбальніцу. У іх жа месцаў для нас амаль не бывае. Жанчыне, ветэрану вайны, стала кепска, а ў іх адзін адказ: «Няма месцаў». Яе сыну давялося моцна пасварыцца з дактарамі – толькі тады яе паклалі. Аказалася, тры месцы ўсё ж былі. А як даехаць хвораму чалавеку да таго райцэнтру – дзьве гадзіны на аўтобусе? Гэта ж і грошы немалыя. Мы ня можам выкладваць на гэта апошнія капейкі. Зьвярталіся зь лістом у Міністэрства аховы здароўя. Адтуль пераслалі зварот у раён. Галоўурач Макарэвіч даў адказ: “У нас у Друі ёсьць пяць ложкаў стацыянарнага лекаваньня”. Бачыла я гэта лекаваньне. Вядуць сваякі пад рукі бедную жанчыну, каб атрымаць няшчасную кропельніцу... Сьмяротнасьць пасьля закрыцьця шпіталю ў нас падвысілася. Мы зноў зьбіраем подпісы. Людзі ня проста плачуць – яны енчаць. Мне балюча глядзець на заплаканых дзядуль і бабуль – сэрца крывёю абліваецца. Людзі просяць мяне, каб дапамагла. Але што я магу? Хіба што напісаць ліст – каб пра гэту бяду ведалі.” Подпіс: Любоў Альшэўская. Пасёлак Друя Браслаўскага раёну.

Праблема гэта ўласьціва ня толькі для Друі – такі ж лёс напаткаў шпіталі і абуляторыі і ў дзесятках іншых беларускіх пасёлках. Пасёлкі гэтыя найчасьцей зусім не малыя – насельніцтва іх часам большае, чым у іншым райцэнтры. Але ініцыятары маштабнай кампаніі закрыцьця мэдычных устаноў на гэта ня надта зважалі. Кіраваліся ў асноўным адным прынцыпам: шпіталь – толькі ў райцэнтры. Маўляў, там лепшыя спэцыялісты, лепшае будзе і лекаваньне. А за кошт закрыцьця шпіталяў у пасёлках можна зэканоміць вунь колькі грошай. Грошы, сапраўды, зэканомілі – пра што высокапастаўленыя чыноўнікі ад медыцыны адрапартавалі прэзыдэнту, назваўшы гэта ледзь не рэформай усёй сістэмы аховы здароўя. Вось толькі ці патрэбна была такая рэформа, калі ў выніку яе дзесяткі тысяч старых хворых людзей адчулі сябе пакрыўджанымі і кінутымі на волю лёсу.

Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” – агляд лістоў на Свабоду. З вамі Валянцін Жданко.

Аўтар наступнага ліста – Вікенці Шымак зь вёскі Чырканцы Воранаўскага раёна. Ён разважае пра ўласны лёс і лёс сваёй краіны, распавядае пра сёньняшнія вясковыя рэаліі. Цытую допіс:

“Я з матуляй увесь свой век працавалі на саветаў – і што з таго маем? Ужо трэці год, як не саджаем нават агарода – ніводнай баразны бульбы. Ня кажучы ўжо пра збожжа. Нам не даюць ні трактар, ні каня… Жывём з матулінай пэнсіі – 155 тысяч 850 беларускіх рублёў. Спытаеце, ці можна пражыць на гэтыя грошы? Можна. Вядома, катэдж не будуем, за мяжу ня езьдзім, на моры не адпачываем. Жабрацкае жыцьцё, але, калі ня страчанае Божае Блаславеньне, то лепей жыць на гэтыя грошы, чым у граху у палацах. Матулі ўжо 83-ы гады, яна патрабуе дапамогі ва ўсім. У калгасе нашым (на новы лад – СПК) работы няма. А калі і ёсьць, дык заробку чакай да Новага году. У дадатак жывём мы ў памежнай зоне. Куды ні ступіш – памежнікі, міліцыя, КДБ. Вёскі абязьлюдзелі зусім – аж вачам ня верыцца. У нашым калгасе набудавалі новых домікаў – аж пяць штук. І ніхто ў іх не засяляецца. Каля дамоў няма ніякіх гаспадарчых пабудоў. Ды і адкуль браць грошы на камунальныя паслугі? Жывёлагадоўчыя фермы пачалі распускаць. Раней трымалі кароў-ялавак па 5-6 гадоў. Навошта трымалі, калі ад іх – ні малака, ні мяса? Затое старшыні набудавалі сабе катэджаў, накуплялі не абы-якіх іншамарак. Адкуль толькі ў іх грошы? Ні ў Амэрыку, ні ў Нямеччыну на заробкі яны ня езьдзілі. Калісьці я служыў у ракетных войсках. Аб’езьдзіў Расею, Казахстан… Тая служба забрала ў мяне здароўе. Застаўся нікому не патрэбны. Сям’ю не стварыў, дзяцей ня маю. Ведаю, што даглядаць мяне ня будзе ніхто – ні сацыяльнае забесьпячэньне, ні старшыня, ні доктар, ні настаўнік… Што з таго, што я служыў, працаваў…Нікому тое не было патрэбна. Многія мае равесьнікі і нават аднапалчане, з каторымі служыў невядома каму і за што, ужо даўно ў сырой магіле”,–

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Вікенці Шымак зь вёскі Чырканцы Воранаўскага раёна.

Ведаю Вашы мясьціны, спадар Шымак. Сапраўды, у гэтых памежных раёнах Заходняй Беларусі за апошнія дзесяцігодзьдзі адбыліся імклівыя зьмены. Яшчэ ў 70-80-ыя гады гэта былі параўнальна густанаселеныя мясьціны – шмат вёсак, вёсачак, хутароў, дагледжаныя палі, даволі моцныя калгасы. Апрацоўваўся кожны лапік зямлі. На ўласных падворках людзі трымалі столькі скаціны, што былі праблемы з пашай – часам даводзілася пасьвіць уласных кароў у лесе. Усё гэта зьнікла на працягу жыцьця аднаго пакаленьня. Тыповая карціна гэтай мясцовасьці зараз іншая: ператвораныя ў руіны фэрмы, зарослыя быльнягом палі, занядбаныя пакінутыя вёскі… Усяго гэтага можна было не дапусьціць яшчэ 30-20 год таму. Але пра будучыню вёскі, пра гаспадара на зямлі тагачасныя ўлады ня надта думалі.

На заканчэньне – некалькі цытатаў зь лістоў слухачоў, якія пакіну бэз камэнтароў.

Нам піша Мікола Канаховіч з Пружанаў:

“Хоць жывем на сваёй роднай зямельцы, у сваёй краіне, але задыхаемся ў смуродзе чужога шавінізму. Няма чым дыхаць, няма як жыць. І толькі пачутыя праз старэнькі прыймач словы Свабоды даюць глыток сьвежага паветра, мацуюць дух, акрыляюць, зьніжаюць крывяны ціск і суцішаюць сардэчны боль”.

І яшчэ адна цытата – зь ліста Юры Гіля зь Вільні:

“Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі ўкраінскім журналістам 23-га лістапада вымушаны быў прызнаць, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў сфальшаваныя. Цяпер тых, хто дапусьціў фальшаваньне, трэба судзіць і накіраваць у калёнію “Віцьба-3“, а незаконна асуджанага Казуліна вызваліць і рэабілітаваць”,–

– гэтак лічыць Юры Гіль зь Вільні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG