Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агранамічныя экспэрымэнты ва ўмовах “ілжывай зімы”


Радыё Свабода Анамальна цёплая зіма істотна паўплывала на традыцыйны лад жыцьця людзей, прыроду. Шмат дзе, напрыклад, пасярод студзеня распускаюцца кветкі, усё часьцей заўважаюць цеплалюбівых птушак, што не паляцелі ў вырай... Незвычайнае для Беларусі надвор’е падштурхнула вяскоўцаў да экспэрымэнтаў у расьлінаводзтве.

На просьбу намесьніка старшыні сельгаскаапэратыву “Крыніца” Капыльскага раёну Аляксея Бажко давялося не сьпяшацца з паведамленьнем навіны пра сяўбу яравога гатунку зерня “трыцікале” напярэдадні Новага году. Чакалі самых першых вынікаў. Учора аграном Бажко паведаміў:

Бажко: “Мой погляд на гэтую задуму і справу, што суадносіны посьпеху і няўдачы 50 на 50. Цяпер зерне “назубілася”, і калі тэмпэратура паступова зьнізіцца, то на гэтай супясчанай глебе можа быць вынік. Задума такая: ці зерне будзе ляжаць у сьвірне, дзе не псуецца, якім бы ні быў мароз – і 20 градусаў, і 30, і 40. Не сапсуецца насеньне і ў глебе. Тым больш, што яна падрыхтаваная ідэальна, унесеныя ўсе ўгнаеньні. І калі вясной сонца крыху прыгрэе, а там адметны касагор, то ўсё рушыла б адразу ў рост”.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі інфармуюць, што гэтымі днямі земляробы Берасьцейшчыны і Гомельшчыны рыхтуюць тарфянікі для сяўбы аўса. На Гомельшчыне і Гарадзеншчыне падкошваюць азімы рапс, пачалі высяваць моркву і кроп. Тлумачыць фэрмэр Іван Корань:

Корань: “Іх сеюць, каб вымылася эфірнае масла. А насеньне ўзыдзе ўвесну. Таксама можна ўносіць угнаеньні калійныя ды фосфарныя. Заараць. Бог даў, што калі не зрабіў раней, то пасьпяшайся зараз”.

Паводле ацэнкі акадэміка Міхаіла Кадырава, экспэрымэнты аграномаў ва ўмовах цёплай зімы заслугоўваюць увагі.

Кадыраў: “Да гэтага, як да досьведу, да чалавечай цікаўнасьці, што заўжды рухае прагрэс, я стаўлюся вельмі паважліва”.

Паводле Міхаіла Кадырава, у Інстытуце земляробства і сэлекцыі Нацыянальнай акадэміі навук ёсьць дадзеныя аб назіраньнях за зьменамі надвор’я ў апошнія 150 гадоў.

Кадыраў: “Капрызнасьць клімату, частата анамальных зьяваў моцна павялічылася. Трэба мяняць спэцыялізацыю ў расьлінаводзтве , элемэнты тэхналёгіі, пераходзіць на больш нетрадыцыйныя культуры: проса, кукуруза, чуміза, пайза і гэтак далей. І, да прыкладу, у Лоеўскім раёне ці Лельчыцкім нават вырошчваць іншыя культуры, чым у Нясьвіскім і іншых”.

Акадэмік Міхаіл Кадыраў называе цяперашнюю плюсавую тэмпэратуру “ілжывай зімой”. Ён папярэджвае, што калі голую, як цяпер, глебу закуе мароз да мінус 20 градусаў, то вялікая колькасьць пасеваў загінуць. Калі ж раптоўна выпадзе шмат сьнегу, то літаральна за некалькі дзён зерневыя пад ім сапрэюць. Найлепшы варыянт – чакаць паступовага надыходу маразоў і спадзявацца на сьнег сантымэтраў у 10-15. Пры такім раскладзе экспэрымэнты вяскоўцаў маюць добрыя шанцы на посьпех.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG