Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што генэрал Мальцаў можа прапанаваць Ірану


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле зьвестак, на гэтым тыдні міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў наведае зь візытам Іран – краіну, якую ў сьвеце падазраюць ў падрыхтоўцы ядзернай зброі насуперак рэзалюцыям ААН. Што можа зацікавіць іранцаў у галіне вайсковага супрацоўніцтва зь Беларусьсю?

Пра заплянаваны візыт міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава ў Тэгеран яшчэ на мінулым тыдні абвясьціла іранская агенцтва “Fars News Agensy”. І паведаміла некаторыя падрабязнасьці: беларускага міністра запрасіў ягоны калега Мустафа Наджар, але ў праграме візыту таксама сустрэчы з афіцыйнымі асобамі ў кіраўніцтве Ірана. З кім дакладна, не паведамляюць. Беларускія афіцыйныя крыніцы ўвогуле абыходзяць увагай магчымы візыт Мальцава ў Іран. Прэсавая служба міністэрства дае наступны камэнтар.

“Не магу ні абвергнуць, ні пацьвердзіць гэтыя зьвесткі. Вам лепш зьвярнуцца да таго, хто пра гэта паведаміў”, – сказаў кіраўнік прэсавай службы міністэрства Вячаслаў Раменчык.

Незалежны журналіст Раман Якаўлеўскі, які шмат піша пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Усходу, у дадзеным выпадку давярае іранскім мэдыям. Журналіст мяркуе, што мэтай візыту будзе наладжваньне гандлю беларускай зброяй ды вайсковай тэхнікай зь Іранам.

Якаўлеўскі: “Візыт Мальцава ў Іран цікавы таксама тым, хто будзе у складзе дэлегацыі. Раю зьвярнуць увагу на тое, ці будзе там спадар Пафераў, былы камандуючы сіламі супрацьпаветранай абароны, які зараз працуе намесьнікам старшыні вайскова-прамысловага камітэту”.

У сьвеце падазраюць Іран у плянах стварыць ядзерную зброю. ААН неаднаразова прымала рэзалюцыі, у якіх заклікала кіраўніцтва краіны адмовіцца ад такіх плянаў, паколькі лічыць іх небясьпечнымі для міру ў рэгіёне. Таму краіны, якія супрацоўнічаюць зь Іранам у вайсковай галіне, знаходзяцца пад асаблівай ўвагай ААН. Найперш гэта тычыцца Расеі. Беларускі незалежны аглядальнік Аляксандр Алесін не выключае, што ад Беларусі Ірану таксама патрэбныя паслугі, зьвязаныя зь ягонай ядзернай праграмай.

Алесін: “У сытуацыі, калі ЗША заявілі пра магчымы авіяўдар па аб’ектах ядзернай праграмы Ірана, можна меркаваць, што цікаўнасьць Ірана будзе якраз да супрацьпаветранай зброі. Ужо вядома, што Расея прадала Ірану сыстэмы ТОР1-М – гэта сыстэмы супрацьпаветранай абароны блізкага радыюсу, хутчэй за ўсё, для аховы аб’ектаў ядзернай праграмы. Гэта значыць, што іх могуць зацікавіць і беларускія напрацоўкі ў гэтай галіне, бо калі ракеты вырабляе Расея, то электроніку, праграмнае забесьпячэньне да іх – таксама і Беларусь”.

Паводле Аляксандра Алесіна іранскіх вайскоўцаў таксама можа зацікавіць рамонт іранскай вайсковай тэхнікі беларускімі адмыслоўцамі. Экспэрт нагадаў, што на ўзбраеньні Ірану знаходзіцца шмат былых савецкіх самалётаў, захопленых у Іраку падчас вайны ў канцы 1980-х гадоў.

Варта заўважыць, што за апошняе дзесяцігодзьдзе беларускую зброю ды вайсковую тэхніку знаходзілі ў шмат якіх гарачых кропках. Адмыслоўцы згадваюць Ліван, Эфіопію, Судан, Сырыю, Ірак ды іншыя краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG