Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюцца да акцыяў пратэсту


Радыё Свабода Дробныя прадпрымальнікі сёньняшні дзень зьбіраюцца прысьвяціць падрыхтоўцы да сёлетніх акцыяў пратэсту. Бізнэсоўцы маюць намер дамагацца адмены прэзыдэнцкага ўказу, які абмяжоўвае права на працу асобаў, занятых у гэтай сфэры.

Масавыя хваляваньні ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі пачаліся ад пачатку студзеня. Справакаваў іх прэзыдэнцкі ўказ №760, прысьвечаны новым ўмовам дзейнасьці дробнага бізнэсу. Расказвае менская прадпрымальніца Тацяна”:

Тацяна: “3 студзеня я выйшла на працу і пачула ад наёмных работнікаў, ад тых людзей, што працуюць па 5-7 гадоў у сваіх працадаўцаў, то бок у нас. Яны захваляваліся, пачалі казаць, што выйшаў указ. Яны ўсе ходзяць і хвалююцца. Таму што знайсьці працу ім будзе цяжка. І кажуць, што выйдуць на плошчу. Гэтак жа як і мы”.

У згаданым указе гаворыцца, што ад 1 студзеня 2008 году індывідуальным прадпрымальнікам забараняецца мець наёмных работнікаў, апроч блізкіх сваякоў – дый тое – ня больш як трох чалавек. Між тым, беларускі дробны бізнэс шырока выкарыстоўвае наёмную працу. Паводле неафіцыйнай статыстыкі, тут занята ад 200 да 300 тысяч чалавек. Пагроза беспрацоўя штурхае іх да супольных дзеяньняў з працадаўцамі – запатрабаваць ад уладаў адмены ўказу, які абмяжоўвае працоўныя правы. На нарадзе ў Менску 18 студзеня прагучала ініцыятыва аб правядзеньні сёлета акцыяў пратэсту. Цяпер гэтая ініцыятыва набывае практычнае ўвасабленьне – складаецца плян дзеяньняў. Гаворыць старшыня рэспубліканскай каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Анатоль Зьмітровіч:

Зьмітровіч: “Першае – гэта стварэньне з актыву прадпрымальнікаў адзінага рэспубліканскага страйкавага камітэту. У страйкавы камітэт трэба ўключыць прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў з мэтай апэратыўнага рашэньня праблем, якія могуць узьнікнуць. Падрыхтаваць юрыдычнае абгрунтаваньне прававых нормаў указу №760 на прадмет выкананьня Канстытуцыі ў частцы права на працу”.

Аднаўляе працу Страйкам прадпрымальнікаў, якім кіруе былы палітвязень, актывіст прадпрымальніцкага руху з Горадні Валеры Леванеўскі. Ён зьбіраецца ня толькі дзяліцца ранейшым досьведам у справе арганізацыі акцый пратэсту, а й сам браць удзел у іх падрыхтоўцы:

Леванеўскі: “Напрыклад, адзін рынак здолее страйкаваць адзін дзень, другі рынак чымсьці падтрымаць, трэці рынак сабраць подпісы пад нейкай пэтыцыяй. То бо, кожны на нешта здольны. Ёсьць праблема, і пайшлі акцыі пратэсту – на адзін дзень, на адну гадзіну адбыўся страйк. Кожны ў сябе на рынку гэта зможа наладзіць. Першае – арганізоўваем мітынг для пачатку ў Менску”.

Прадпрымальніцкі мітынг у Менску вырашана правесьці ў другой палове сакавіка.

Цягам апошніх гадоў індывідуальныя прадпрымальнікі неаднаразова ладзілі акцыі пратэсту для абароны сваіх інтарэсаў. Апошнія буйныя выступы бізнэсоўцаў адбываліся ў сакавіку 2005 году. Дзесяткі тысяч гандляроў з розных рэгіёнаў пратэставалі супраць увядзеньня падатку на даданую вартасьць на тавары, што ўвозяцца з Расеі. Улады адрэагавалі на масавыя страйкі прадпрымальнікаў, аднак задаволілі іх патрабаваньні толькі часткова.
XS
SM
MD
LG