Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму акцыянэры ня маюць прыбыткаў ад сваіх акцыяў?


Радыё Свабода У акцыянэрных таварыствах краіны, якія найчасьцей узьніклі на базе цалкам дзяржаўных заводаў, фабрык, канструктарскіх бюро, праходзяць сходы, на якіх вызначаюцца памеры дывідэндаў.

Сёлета акцыянэры Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу ўпершыню не атрымалі дывідэндаў па выніках працы за мінулы год. Гэтая акалічнасьць, канешне, нікога ня ўзрадавала.

Гаворыць рабочы НПЗ Уладзімер:

Уладзімер: “Нам сёлета за мінулы год ніякіх дывідэндаў не плацілі. Першыя выплаты дывідэндаў у першыя гады былі непаганымі: дзьвесьце, трыста даляраў – колькі ў каго было акцый. Цяпер бубняць усе. Той, хто працуе, дык дулю ў кішэні трымае. Ну што можа казаць рабочы, калі ў яго забралі? Ён спадзяваўся, што будзе зараз атрымліваць нейкія грошы, і калі пойдзе на пэнсію таксама нешта атрымае”.

Уладзімер ды ўсе іншыя працаўнікі нафтаперапрацоўчага заводу ведаюць: дывідэндаў яны пазбавіліся не таму, што прадпрыемства працавала дрэнна. Грошы ня зможа выплаціць акцыянэрнае таварыства “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод плюс”, якому людзі перадалі ў кіраваньне свае каштоўныя паперы.

Дзевяць гадоў таварыства спраўна выплачвала дывідэнды людзям і падаткі дзяржаве. Але беларускі ўрад, відаць, улічваючы падзел актываў у расейскіх нафтагазавых кампаніях, якія маюць дачыненьні да Мазырскага заводу, па сутнасьці рэалізаваў схему нацыяналізацыі таварыства “НПЗ плюс”

Дзеля гэтага быў скарыстаны даволі спрэчны доўг у памеры чатырох мільёнаў даляраў, які нібыта ўзьнік падчас акцыянаваньня прадпрыемства яшчэ напачатку 1990-х гадоў.

Уладзімер: “Нас абвінавацілі ў тым, што мы павінны былі нейкія грошы аддаць. Доўг такі – яшчэ ад Савецкага Саюзу бадзяга гэтая цягнецца. Дзялілі там маёмасьць, і цяпер кажуць, што мы незаконна тыя грошы ўнесьлі ў статутны капітал. А раз мы грошы не аддаём, то дзеля пагашэньня забралі нашы акцыі”.

У амаль такой жа сытуацыі апынуліся і шмат якія акцыянэры зь іншых прадпрыемстваў Гомельшчыны.

Наноў, па сутнасьці, нацыяналізаваны Сьветлагорскі цэлюлёзна-картонны камбінат, дзе доля акцыяў дзяржавы ў статутным капітале нашмат перавысіла 50 адсоткаў.

Рабочы камбінату: “Нават не пыталі, забралі – і ўсё. Сказалі, што дзяржава бярэ пад свой кантроль прадпрыемства, дапаможа пабудаваць другую чаргу камбінату. У гэтай сувязі й забралі акцыі”.

Ні ў Сьветлагорску, ні ў іншых месцах акцыянэры ня мелі раней і цяпер ня маюць нейкіх адчувальных прыбыткаў. Нават у даволі пасьпяховых акцыянэрных таварыствах дывідэнды на акцыі мізэрныя.

Да прыкладу, у таварыстве “Гомельшпалеры” паведамілі, што летась за першае паўгодзьдзе на адну акцыю выйшла 1160 рублёў. За другую палову мінулага году дывідэнды пакуль наагул не налічвалі.

У незалежнага эканаміста Мікалая з Гомелю цікавімся, што ж адбываецца ў асяродку акцыянэраў? Чаму нібыта ўласьнікі ў бальшыні сваёй ня маюць істотнай фінансавай падтрымкі нават падчас неблагой працы прадпрыемстваў?

Эканаміст: “Наша сыстэма прадпрыемстваў так створана на мікраўзроўні, што яна не зарыентавана на выплату дывідэндаў. Дзяржава зацікаўлена, каб утрымаць ключавыя пазыцыі ў сваіх руках. Калі глядзець на гэтае пытаньне з боку мінарытарыяў, гэта значыць, уладальнікаў акцыяў, то сэнс мае ня столькі дывідэнд, колькі падвышэньне курсу акцый. Але такіх установаў, якія забясьпечваюць рост курсу, няшмат у краіне. Большасьць людзей, якія купілі акцыі, маюць фармальную ролю. Для іх даражэй захаваць працоўнае месца, чым атрымаць тыя дывідэнды. Гэта рэчы непараўнальныя ў нашых умовах. У нас няма фондавага рынку, няма каціровак, адкрытых куплі-продажу. І таму акцыі – гэта хутчэй погляд у будучыню”.
XS
SM
MD
LG