Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы з Расеяй кантроль існуе, але без памежнікаў


Радыё Свабода За трыццаць кіламетраў ад беларускага райцэнтру Добруш у напрамку Расеі на аўташашы Гомель-Бранск месьціцца Навазыбкаўскі мытны пост Расейскай Фэдэрацыі. Тут вядзецца праверка ўсяго транспарту, які ўяжджае на тэрыторыю Расеі зь Беларусі.

Цікавімся ў кіроўцы Юрыя зь беларускага гораду Сьветлагорску, хто і што правярае на расейскай мяжы:

Юры: “На мяжы мытня ёсьць. Яны правяраюць дэклярацыю на ўвоз транспартнага сродку. Альбо дакумэнты на часовы ўвоз, альбо дэклярацыю на ўвоз аўтамабіля. Калі схочуць, робяць дагляд грузу. І плюс да гэтага – зялёная картка дэхагляду, тэхпашпарт, правы. Тут транспартная інспэкцыя з мытняю. Нічога новага, усё па-ранейшаму”, кажа кіроўца Юры, які кожны тыдзень езьдзіць у Расею.

Перавозчык з Калінкавічаў, які назваўся Сяргеем, таксама сьцьвярджае, што працуюць на беларуска-расейскай мяжы толькі мытнікі й транспартная інспэкцыя. Памежнікаў ён ня бачыў:

Сяргей: “Дакумэнты ўсе правяраюць транспартнікі, мытнікі. За дэклярацыю на ўвоз транспарту плаціш 200 расейскіх рублёў. Памежнікаў у форме я тут ня бачыў”.

Цяперашні парадак уезду ў Расею існаваў і ў папярэднія гады. Пра гэта кажа перавозчык з Гомелю спадар Уладзімер. Прычым ён цьвердзіць, што чэргі на мяжы практычна адсутнічаюць:

Уладзімер: “Пакуль тое, што было й летась. Чэргаў практычна няма. Існуе мытны й транспартны кантроль. Выдаюць дазвол на часовы ўезд у Расею”.

Памежнікаў спадар Уладзімер тут таксама не сустракаў:

Уладзімер: “Калі б яны правяралі, то хадзілі б тут. Вы ж іх ня бачыце”?!

Старшы зьмены расейскага мытнага паста камэнтаваць што-небудзь наконт пачатку ўсталяваньня мяжы ня стаў. Наяўнасьць расейскіх памежнікаў на мытным пункце катэгарычна адмаўляе:

Расейскі мытнік: “Усе пытаньні да начальніка мытнага паста Кузіна Сяргея Сяргеевіча. Я не ўпаўнаважаны адказваць на такія пытаньні. Няма тут памежнікаў. Няма!”



На фота: расейскі мытны пост на шашы Гомель-Бранск
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG