Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 13 — 19 студзеня


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў "Свабоды" за мінулы тыдзень.

“На Беларусі абсалютная большасьць людзей, больш як 90 адсоткаў, хоча жыць у самастойнай краіне. Таму я ўпэўнены, што Беларусь застанецца незалежнай, але за незалежнасьць трэба плаціць, яна нечага вартая”.

Аляксандар Мілінкевіч , старшыня Палітычнай рады аб’яднанай апазыцыі – пра беларуска-расейскі крызіс.

“Ідуць два чалавекі, бачаць, ляжыць каровін ляпёх. Адзін другому кажа: "Вася, ты мог бы за 100 рублеў зьесці гэта". Вася кажа:"Так, мог бы". Зьеў, Коля заплаціў, ідуць далей, абодва незадаволеныя, бачаць яшчэ адзін ляпёх. Вася кажа: "А ты мог бы зьесьці гэты ляпёх за 100 рублёў?" Коля зъеў, Вася заплаціў, дакладней, вярнуў выйграныя 100 рублёў. Ідуць далей і думаюць:"Якія мы малайцы! Нажраліся гною і засталіся пры сваіх". Вось гэта кароткі вынік гэтага скандалу”.

Леанід Радзіхоўскі, аглядальнік “Российской газеты» – пра беларуска-расейскі крызыс

“Беларусь будзе ўсё больш мяняць свой нацыянальны праект. На саюзнай дзяржаве пастаўлены крыж, Аляксандар Лукашэнка вымушаны перайсьці да фарсіраванай пабудовы нацыянальнай дзяржавы насуперак саюзнай дзяржаве, Савецкаму саюзу ў мініяцюры, што было сьцягам яго палітыкі на працягу амаль 12 гадоў. І Лукашэнка будзе шукаць саюзьніцтва як з эўрапейскімі краінамі, што будзе цяжка з улікам яго рэпутацыі, гэтак і з краінамі былога СССР, найперш з Украінай і Азэрбайджанам”.

Станіслаў Бялкоўскі, расейскі палітоляг – пра беларуска-расейскі крызіс.

“Расейскія алігархі дамагліся свайго. Але мы павінны сказаць, што гэта часовае пагадненьне, бо мы не адмовімся ад сваіх здабыткаў, якія мы павінны мець... Гэта іх часовая перамога. Яны будуць вымушаныя плаціць паводле рынкавых умоваў, калі мы выстаўляем свае цэны. Гэта іх пірава перамога”.

Сяргей Касьцян, дэпутат палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – пра беларуска-расейскі крызіс.

"З аднаго боку ЗША сапраўды плацяць Ізраілю, але зь іншага боку гэта з пункту гледжаньня амэрыканцаў кампэнсуецца іх вялікім уплывам на Ізраіль... Што тычыцца Беларусі, то ступень кіруемасьці Аляксандра Рыгоравіча істотна больш нізкая. За імпэрыю сапраўды трэба плаціць, але ў разумных межах, крыху пралічваючы суадносіны "цана/якасьць".

Максім Сакалоў, калюмніст «Известий» - пра беларуска-расейскі крызіс.

“Пераход на рынкавыя цэны азначае крах беларускай эканомікі, згода на ўмовы Расеі азначае страту беларускай незалежнасьці”.

Лілія Шаўцова, вядучы навуковы супрацоўнік маскоўскага цэнтру Карнэгі – пра беларуска-расейскі крызіс.

“З гэтых перамоваў і кансультацыяў я зразумеў, што ў нас розныя падыходы і разуменьне саюзнай дзяржавы. Саюз павінен будавацца на прынцыпах роўнапраўя. Мы ніколі не казалі пра магчымасьць уваходжаньня нашай краіны ў Расейскую Федэрацыю. Гэта ў галовах вышэйшага кіраўніцтва Расеі, якое патрабауе ад нас уваходжаньня ў склад Расеі. Я не хачу пахаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны як першы прэзыдэнт Беларусі”.

“Вы хочаце адной дзяржавы, і хочаце мець у ёй і сыстэму кіраваньня, і ўлады, і эканоміку, як у адной дзяржаве? Калі ласка, калі вы гатовыя да гэтага, давайце гэта зробім цягам гэтага году. У вас якраз да часу выбіраецца парлямэнт, у вас будзе абірацца прэзыдэнт. Давайце будзем абіраць адкрыта, сумленна, паводле зразумелых прынцыпаў і прэзыдэнта, і парлямэнт, і гэтак далей. Вы да гэтага гатовыя? Вы да гэтага не гатовыя. Мне ня раз пра гэта казала кіраўніцтва Расеі”.

“Калі Расея кожны год будзе хапацца за вэнтыль і адключаць свайму саюзьніку то газ, то нафту, ніякай размовы пра сюзную дзяржаву быць ня можа”.

“Расейскі бок дзейнічае з пазыцыі сілы, ведаючы, што гэта беспакарана”.

“Самы дурны праект Расеі – гэта будаўніцтва па Балтыйскім моры газаправоду”.

“Мы гатовыя супрацоўнічаць хоць з чортам, хоць з д’яблам, каб забясьпечыць энэргэтычную бясьпеку”.

“І Эўропа, і ЗША праявілі прыстойнасьць, і яны прапанавалі нам падтрымку... Беларусь гэтага не забудзе”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з заяваў на выбарчым участку 14 студзеня

“Дастаткова Беларусі апынуцца ў адзінай дзяржаве, як ад лідэрства Лукашэнкі на гэтай тэрыторыі праз 3 месяцы не застанецца і памяці”.

Марк Урноў, кіраўнік расейскага цэнтру “Экспэртыза” – пра заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя 14 студзеня.

"Выбары — гэта наагул ня выбары, таму і вынікаў ад іх няма ніякіх. Гэта ня тая тэма, якая хвалюе людзей, каб яны ішлі на рэвалюцыю”.

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні БНФ – пра мясцовыя выбары.

“Давайце пачнем з вызваленьня палітычных вязьняў. Калі ёсьць спрэчка, ці зьяўляюцца тыя ці іншыя асобы палітвязьнямі, – давайце паклічам міжнародных экспэртаў, запросім іх і прымем высновы іх місіі па высьвятленьні фактаў”.

“Нельга краіну зьмяніць за адну ноч”.

Рэнэ ван дэр Ліндэн, старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) – падчас візыту ў Беларусь.

“Мы хацелі б разьмежаваць прэтэнзіі з боку ПАРЭ. Якіх эўрапейскіх каштоўнасьцяў не вызнае беларускі парлямэнт? Усе гэтыя каштоўнасьці ў нас захаваныя і разьвітыя”.

Анатоль Красуцкі, намесьнік кіраўніка міжнароднай камісіі палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі – пра візыт у Беларусь старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэна.

“Спэктакаль жывы, ён усё больш і больш актуальным робіцца. Гэта так, як і ў Купалавай п’есе. Увесь час зьмяняюцца “палітычныя і эканамічныя сытуацыі”: то Расея – сябар, то Расея – вораг. Цяпер ужо кожныя жук і жаба хочуць на беларушчыне прафэсію зрабіць... То ворагі ўсе беларусы... Усё гэта жыве”.

Віктар Манаеў, актор Купалаўскага тэатру – пра пастаноўку “Тутэйшых”.

“Нашы людзі такія цярплівыя, што знойдуць выйсьце зь любой сытуацыі, што б ні здарылася”.

Дзяўчына ў Скідалі – у адказ на пытаньне Свабоды пра праблемы ў цукровай прымысловасьці ў сувязі са скарачэньнем паставак цукру ў Расею.

“Мы выбралі Лукашэнку – і задаволеныя, што не памыліліся. А потым выберам і ягонага сына”.

Галіна Ўласік з Чэрвеню – ліст на Свабоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG