Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бялынічах ушанавалі памяць мастака Антона Бархаткова


Радыё Свабода У Бялыніцкім раённым мастацкім музэі адбылася вечарына, прысьвечаная 90-годзьдзю мастака Антона Стэфанавіча Бархаткова – вучня ды спадкаемца традыцыяў знанага беларускага творцы Бялыніцкага-Бірулі. Вечарыну арганізавалі й правялі сябры мясцовай літаратурна-мастацкай гасьцёўні.

На вечарыну, каб ушанаваць памяць беларускага жывапісца Антона Бархаткова, прыйшлі прадстаўнікі бялыніцкай інтэлігенцыі, а таксама вучні дзьвюх сярэдніх школ ды навучэнцы мясцовай прафэсійна-тэхнічнай вучэльні.

Пра тое, што было на вечарыне, “Свабодзе” распавёў адзін з арганізатараў Міхась Карпечанка:

Карпечанка: “Наведвальнікі даведаліся пра біяграфію, жыцьцёвы шлях Бархаткова, пазнаёміліся зь відэафільмам “Дынастыя Бархатковых” ды пазнаёміліся з выставай твораў Бархаткова, якая была разгорнутая з нагоды гэтага юбілею”.

Антон Стэфанавіч Бархаткоў нарадзіўся на Магілёўшчыне 17 студзеня 1917 году. У 1943-44 гадох разам зь іншымі беларускімі мастакамі ўдзельнічаў у першай выставе беларускага мастацтва ў Маскве. За часамі ўжо незалежнай Беларусі ягоныя пэрсанальныя выставы праходзілі ў Бэльгіі, Італіі ды Галяндыі. Творы Антона Бархаткова знаходзяцца ў музэях Менску, Магілёва, Горадні, Гомеля, Бялынічаў, Касьцюковічаў, а таксама ў Трэцякоўскай галерэі ў Маскве.
XS
SM
MD
LG