Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абвяргае заявы беларускага кіраўніцтва пра хуткае аднаўленьне мяжы


Ігар Карней, Менск Старшыня Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Аляксандар Паўлоўскі падчас нарады ў чацьвер у Аляксандра Лукашэнкі выказаў занепакоенасьць магчымасьцю аднаўленьня беларуска-расейскай мяжы зь ініцыятывы Расеі. Паводле Паўлоўскага, 16 расейскіх мытняў, якія працуюць у рэжыме кантролю за перамяшчэньнем тавараў з трэціх краінаў, “у кроку ад таго”, каб пераўтварыцца ў пункты памежнага дагляду. У Памежнай службе Фэдэральнай службы бясьпекі (ФСБ) Расеі заявы афіцыйнага Менску ўспрымаюць са зьдзіўленьнем.

Як паведаміў кіраўніку краіны старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Паўлоўскі, на беларуска-расейскай мяжы працуе апэратыўнае прыкрыцьцё Памежнай службы ФСБ Расеі. Паводле генэрала, у групу ўваходзіць 150 чалавек асабовага складу апэратыўных работнікаў. На пытаньне Аляксандра Лукашэнкі, ці можна гэта разглядаць як першы крок расейскага боку да аднаўленьня паўнавартаснай мяжы з Беларусьсю, генэрал Паўлоўскі адказаў: “Такі элемэнт, у прынцыпе, прысутнічае”.

Адмыслоўцы кажуць, што пад “апэратыўным прыкрыцьцём”, верагодна, маецца на ўвазе памежны атрад, раскватараваны ў Смаленску. Ён быў заснаваны напачатку 1990-х, каб на выпадак надзвычайных сытуацый забясьпечыць апэратыўнае прыкрыцьцё мяжы зь Беларусьсю. Аднак пасьля скасаваньня памежных і мытных пастоў на беларуска-расейскім кірунку атрад выконвае збольшага прадстаўнічыя функцыі. Пра пэрспэктыву аднаўленьня мяжы супрацоўнікі Памежнага ўпраўленьня па Смаленскай вобласьці нічога ня ведаюць, аднак пасьля шэрагу зваротаў журналістаў быў дасланы адпаведны запыт у Маскву.

Супрацоўніца: “Не зусім валодаю сытуацыяй. Але, на колькі я ведаю, нашае кіраўніцтва даручыла падрыхтаваць запыт для атрыманьня афіцыйнай інфармацыі”.

Кіраўнік памежнага ўпраўленьня па Бранскай вобласьці Сяргей Данілін гэтаксама ўпершыню чуе пра аднаўленьне кантролю на беларуска-расейскай мяжы.

Данілін: “У мяне няма такой інфармацыі”.

Паказальна, што ня толькі расейскія памежнікі, але і падначаленыя Аляксандра Паўлоўскага ня маюць чаго сказаць адносна заяваў свайго кіраўніка пра магчымасьць увядзеньня Расеяй памежнага ці мытнага кантролю. Падобным чынам рэагуюць на заявы беларускага боку і ў Маскве. Начальнік цэнтру грамадзкіх сувязяў Памежнай службы ФСБ Расеі Вадзім Шыбаеў таксама ня мае зьвестак, што нібыта рыхтуецца аднаўленьне памежнага рэжыму на беларуска-расейскай мяжы.

Шыбаеў: “Давайце, дасылайце афіцыйны запыт, будзем неяк адказваць. А так хто вам на словах будзе нешта расказваць? Калі і камэнтаваць фактычна няма чаго. Прынамсі, я нічога пра гэта ня ведаю”.

У адным зь нядаўных інтэрвію першы намесьнік дырэктара Памежнай службы ФСБ Расеі Ўладзімір Пронічаў расказаў, што цяпер расейскія памежныя фармаваньні ахоўваюць паўднёвую мяжу Армэніі, а таксама ўдзельнічаюць у ахове межаў Кыргізіі й Беларусі, дзе “функцыянуюць невялікія паводле колькаснага складу апэратыўныя групы”. Паводле Пронічава, трымаць вялікія групоўкі ня мае сэнсу, паколькі, на ягоную думку, эфэктыўна дзейнічае Памежны камітэт Саюзнай дзяржавы.

Такім чынам, расейскае кіраўніцтва не хавае факту наяўнасьці на мяжы зь Беларусьсю памежнікаў. Аднак пра аднаўленьне памежнага ці мытнага дагляду прынамсі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя ніякіх заяваў не было.
XS
SM
MD
LG