Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму скардзіцца ў пракуратуру “хімік” Артур Фінькевіч?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч скардзіцца ў пракуратуру на міліцыянтаў з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Іван Крук адправіў Аляксандру Казуліну свае “турэмныя” грошы. Чаму бацькі Зьмітра Дашкевіча не атрымліваюць ад яго лістоў? Як і тысячы беларускіх зьняволеных, праваабаронца Кацярына Садоўская спадзяецца на амністыю.

Мой учорашні званок да Артура Фінькевіча засьпеў яго на ўваходзе ў інтэрнат. Актывіст “Маладога фронту”, які адбывае “хімію” ў Магілёве, працуючы дворнікам, настолькі сьпяшаўся хутчэй прайсьці праз міліцэйскі пост, што адклаў тэлефонную размову. Артура можна зразумець – тыдзень таму на яго наклалі спагнаньне толькі за тое, што ён з-за спазьненьня транспарту зьявіўся ў інтэрнат на 10 хвілін пазьней за прызначаны час. У выніку Артур Фінькевіч згубіў магчымасьць датэрміновага вызваленьня. Актывіст са спагнаньнем не пагадзіўся і абскардзіў дзеяньні міліцыянтаў у пракуратуры і дэпартамэнце выкананьня пакараньняў.

Нядаўні вязень турмы ў Глыбокім Іван Крук з Астраўца таксама кажа пра ціск з боку міліцыі. На 14-га студзеня, у дзень выбараў, міліцыянты выклікалі спадара Крука нібыта на размову. Актывіст адмовіўся і накіраваў у пракуратуру скаргу. Іван Крук згадвае умовы, у якіх ён адбываў 6 месяцаў арышту.

Крук: “Вязьні калёніі хоць маюць права хадзіць па тэрыторыі і працаваць. А тыя, каго трымаюць у арыштанцкім доме, мусяць сядзець увесь час у камэрах. Цалкам ізалявана. Ані газэт, ані радыё. Там шмат хто сядзіць увогуле ні за што, ці за нейкую драбязу. Мяркую, гэта зроблена наўмысна. Уладам выгадна як мага болей людзей правесьці праз турмы, бо былы вязень – таксама нішто”.

Іван Крук нагадаў, што перад выхадам з турмы на знак пратэсту адмовіўся ад грошай, якія выдаюць вызваленым. Аднак турэмшчыкі таксама не ўзялі гэтыя грошы. У выніку Іван Крук поштай адправіў выдадзеныя яму 30 тысяч рублёў на адрас Аляксандра Казуліна. “На паляпшэньне здароўя”, патлумачыў актывіст.

А як пачуваецца Аляксандар Казулін, які месяц таму трымаў працяглую галадоўку пратэсту? Жонка палітыка Ірына Казуліна кажа, што паводле зьвестак з калёніі яе мужу лепей. Мясную ежу Казулін яшчэ не спажывае, але есьць малочныя харчы, садавіну, гародніну. Ірына Казуліна на гэтым тыдні сустракалася са старшынёй ПАРЭ Рэнэ Ван дэр Ліндэнам, які прыяжджаў у Беларусь з візытам. У тым ліку яны абмяркоўвалі і праблему беларускіх палітвязьняў.

Казуліна: “Было сказана, што ўсе сустрэчы з афіцыйнымі асобамі ў Беларусі ён пачынае з патрабаваньня вызваліць палітвязьняў. Але беларускія ўлады не прызнаюць наяўнасьць палітвязьняў, і тады Рэнэ ван дэр Ліндэн прапанаваў правесьці незалежную экспэртызу, каб вызначыць, гэта палітычныя ці крымінальныя справы”.

Пакуль беларускія ўлады не далі адказу на прапанову старшыні ПАРЭ.

Бацькі лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча кажуць, што з Новага году не атрымоўваюць ад сына лістоў. Ім вядома, што Зьмітра перавялі з карантыну ў атрад, але ніякіх падрабязнасьцяў ад сына няма. Бацькі не выключаюць, што лісты сына затрымлівае цэнзура шклоўскай калёніі.

Праваабаронцы Кацярыне Садоўскай, у якой памерла маці, дазволілі патэлефанаваць дамоў. Жанчына вельмі спадзяецца на амністыю, кажа муж Кацярыны Віктар.

Садоўскі: “Людзі ўсе чакаюць амністыі, чакаюць. Там палова сядзіць невінаватыя. І калекі сядзяць, і цяжарныя, і зь дзецьмі на руках. Спадзяюцца на амністыю, але што ўладзе гэтая амністыя? Ёй нават лепей, калі народ запалоханы”.
XS
SM
MD
LG