Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 19 студзеня


Зьміцер Падбярэзскі, Менск На форумах парталу tut.by --> http://www.tut.by наведнікі абмяркоўваюць візыт у Беларусь главы ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэна.

Нехта Хірург адзначае: “Эўропе глыбока начхаць на Беларусь і яе праблемы. І ім прасьцей, калі мы будзем варыцца ва ўласным соку, а яны будуць нам усьміхацца, абяцаючы сьветлую будучыню ў адзінай Эўропе. Думаючы ў той час, як бы зрабіць так, каб быдла, што зладзіла пагром у рудзенскай электрычцы, не даехала да іх Эўропы. Яны таксама за стабільную і квітнеючую Беларусь. А якога колеру будзе Беларусь — чырвона-зялёная ці бел-чырвона-белая, ім неяк фіялетава”.

Сайт сайт народных навінаў. Артур Лагоўскі паведамляе: “Кіраўніцтва ААТ “Дываны Брэста” просіць шараговых акцыянэраў добраахвотна і бясплатна перадаваць свае акцыі дзяржаве. Лісты такога зьместу былі разасланыя ўладальнікам акцыяў за подпісам гендырэктара прадпрыемства Сяргея Федарука. Незвычайная просьба зьвязаная зь цяжкім фінансава-эканамічным станам на прадпрыемстве, які склаўся цягам апошніх пяці год. Дывановы завод мае востры недахоп сродкаў на разьвіцьцё і каля трох з паловай мільярдаў рублёў пазыкаў, а таксама запазычанасьць па падатках і энэргарэсурсах». Зазначу, што з паўгоду таму сваім загадам Аляксандар Лукашэнка вызначыў сьпіс у некалькі дзесяткаў акцыянэрных таварыстваў, якія калі хочуць разьлічваць на дапамогу зь бюджэту, павінны перадаць свае акцыі дзяржаве.

У суполкі truba_by нехта belbaraxolka занатаваў: “Абсалютна незнаёмыя людзі адначасова ліквідавалі валютныя ўклады. Учора падчас гутаркі з супрацоўнікам аднаго з менскіх банкаў падазрэньне пацьвердзілася: насельніцтва масава ліквідуе валютныя рахункі сярэдняга і нязначнага памеру. Насельніцтва, якое прадбачыць далейшае квітненьне рэспублікі пасьля «выйграных» у Расеі энэргетычных баталій ужо зноў баіцца, што замарозяць валютныя рахункі. Ня выключана, што курс даляра пачне свой непрыкметны рост».

Сайт народных навінаў Віцебска. Яна Ільіна паведамляе: «У інтэрнаце Віцебскага завода “Эвістар” зьявіўся своеасаблівы этнаграфічны музэй — “Беларуская хатка”, створаная намаганьнямі ягоных жыльцоў. У “хатцы” чаго толькі няма: даматканыя ручнікі і палавікі, прас на вуглях, фіранкі, калаўрот, каромысел, верацяно, маслабойка, розны посуд, якім карысталіся нашыя бабулі, і іншыя арыгінальныя старадаўнія рэчы вясковага побыту. Акрамя таго, у “хатцы” разьмяшчаецца і кавярня інтэрнату”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG