Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Купалаўскім тэатры гучыць "Жыве Беларусь!"


Вячаслаў Ракіцкі, Менск У сераду і чацьвер Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы пасьля амаль гадавога перапынку зноў паказаў знакаміты спэктакаль “Тутэйшыя”. Пры поўным аншлягу і пад воклічы “Брава!”

Самая вострая эмоцыя ад спэктаклю – нічога ня зьмянілася ў рэакцыі гледачоў на відовішча за шаснаццаць гадоў, якія мінулі з дня прэм’еры. Колькі разоў я ні глядзеў “Тутэйшых”, заўсёды ў залі не было дзе яблыку ўпасьці. Гэтак жа сама і ў тых жа самых месцах публіка сьмяецца і пляскае ў далоні. Гэтак жа сама фінал спэктаклю, калі акторы разгортваюць велічэзнае бел-чырвонае белае палотнішча, людзі глядзяць стоячы, з мокрымі ад сьлёз вачыма. А затым выбухаюць авацыі і крыкі “Брава!”, “Жыве Беларусь!”

Аднак, цяпер акторы ня вельмі радуюцца такой рэакцыі. На думку Віктара Манаева, выканаўцы цэнтральнай ролі Мікіты Зносака, спэктакль у бліжэйшы час ня будзе паказвацца і ўвогуле для лёсу спэктакля было б лепш, калі б гледачы паводзілі сябе больш стрымана. Вось ягоны зварот да гледачоў:

Манаеў: “Паглядзіце вы спэктакль, падзякуйце тэатру па-чалавечы... Без усялякіх дэманстрацыяў, выкрыкаў, уставаньняў.”

У выніку такой эмацыйнай рэакцыі публікі “Тутэйшых” у сёньняшняй, кажучы, словамі таго ж Зносака, “політычнай сытуацыі” паказваюць ня болей за чатыры-пяць разоў на год. Дырэкцыя вымушаная хітраваць і традыцыйна тлумачыць, маўляў, не паказваем, бо дэкарацыі трэба рамантаваць. Тым ня меней спэктакль захоўваецца ў рэпэртуары ўжо хоць бы дзеля таго, каб на афішы тэатра быў нядрэнны працэнт твораў нацыянальнай клясыкі.

Што тычыцца самога спэктакля, дык за 16 гадоў ён не згубіў ні актуальнасьці, ні сваіх мастацкіх вартасьцяў. Мяркуючы па апошніх паказах, акторы маюць імпэт, не забыліся сваіх роляў за год, які не выходзілі на сцэну ў любімых ролях. Натуральна, што некаторыя акцэнты цяпер крыху іншыя, бо хтосьці з выканаўцаў ужо памёр як Уладзімер Кін-Камінскі, хтосьці цяжка хварэе як Аляксандар Лабуш. І цяпер ужо ролі трох акупантаў выконвае Алег Гарбуз, а Янку Здольніка – Аляксандар Малчанаў. А Мікіту Зносака выконвае нязьменны Віктар Манаеў. Ён задаволены тым, як ўчора прайшоў спэктакаль.

Манаеў: “Спэктакаль жывы, ён усё больш і больш актуальным робіцца. Гэта так, як і ў Купалавай п’есе. Увесь час зьмяняюцца “політычныя і эканамічныя сытуацыі”: то Расея - сябар, то Расея – вораг. Цяпер ужо кожныя жук і жаба хочуць на беларушчыне прафэсію зрабіць... То ворагі ўсе беларусы... Усё гэта жыве.”

У афішы на люты зноў “Тутэйшых” няма. Але паглядзець сёлета спэктакль усё ж ёсьць надзея. Як ніяк – год 125-годзьдзя Янкі Купалы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG