Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі павялічыцца ў студзені плата за жьльлёва-камунальныя паслугі?


Ганна Соўсь, Менск Ад 1 студзеня ў Беларусі павялічаны тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі. Улады абяцаюць, што ў разьліку на двухпакаёвую кватэру плацяжы павялічацца на 5 даляраў: маўляў, калі ня ўзьнікнуць форс-мажорныя абставіны, больш сёлета падвышэньня тарыфаў ня будзе. Незалежныя эканамісты прагназуюць, што рэальны рост плацяжоў за жыльлёва-камунальныя паслугі будзе большым.

Беларускі ўрад прыняў рашэньне, што ў студзені тарыфы на газ і электрычнасьць павялічацца на 20 працэнтаў, а на цеплавую энэргію – на 12 працэнтаў. Як заявіў міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімер Белахвостаў, “мэтазгодна 5 даляраў аддаць на павелічэньне тарыфаў на газ, электрычнасьць і цеплавую энэргію, бо менавіта гэтыя рэсурсы падаражалі на ўваходзе ў краіну”. Такім чынам, паводле міністра, будуць кампэнсоўвацца затраты энэргазабесьпячальных арганізацый, а Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі будзе шукаць іншыя крыніцы для мінімізацыі наступстваў ад павелічэньня цэнаў на энэргарэсурсы.

З абяцаньня ж віцэ-прэм’ера Беларусі Віктара Буры, сёлета падвышэньня тарыфаў на паслугі ЖКГ для насельніцтва больш быць не павінна, “калі не ўзьнікне якіх-небудзь “форс-мажорных абставінаў”.

Наколькі рэалістычныя гэтыя абяцаньні з улікам павелічэньня больш чым удвая цэнаў на расейскі газ і новыя ўмовы імпарту расейскай нафты? У Міністэрстве эканомікі Радыё Свабода запэўнілі, што больш, чым на 5 даляраў, павелічэньня тарыфаў на камунальныя паслугі сёлета ня будзе. Гаворыць кіраўніца прэсавай службы міністэрства Натальля Тацэйка.

Тацэйка: “У рамках прагнозу толькі. У праграме запісана – ня больш за 5 даляраў. Гэта й захаваецца”.

Карэспандэнтка: “Якімі б ні былі цэны на энэрганосьбіты?”

Тацейка: “Так”.

Прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба лічыць больш рэалістычнымі ранейшыя прагнозы віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі адносна павелічэньня тарыфаў ЖКГ.

Жаліба: “Уладзімер Сямашка папярэджваў, што павелічэньне аплаты за двухпакаёвую кватэру будзе – 25-30 даляраў. Калі нават прыкінуць вызначаныя цяпер працэнты, то бачна: гэта будзе ня 5 даляраў, а значна больш. Што да выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі: маўляў, што б ні было, але плата за жыльлёва-камунальныя паслугі ня будзе павялічана больш, чым на 5 даляраў, параўнальна зь леташняй, то гэта ж гаварылася да заключэньня пагадненьня з расейскім бокам. Цяпер мы ведаем цану гэтых пагадненьняў – беларускай

эканоміцы трэба недзе знайсьці ня менш за 3 мільярды даляраў дадаткова для аплаты за расейскія энэрганосьбіты. Канечне ж, гэта адаб’ецца й на аплаце жыльлёва-камунальных паслуг”. Датычна ж узьнікненьня форс-мажорных абставінаў прафэсар Жаліба найперш бачыць пагрозу ў магчымай дэвальвацыі беларускага рубля.

Жаліба: “Першыя ўжо дні новага году паказалі, што наша банкаўская сыстэма зьведвае дэфіцыт валютных рэсурсаў, валютных крэдытаў. Гэта далейшая пагроза стабільнасьці беларускага рубля. Ён ужо цяпер пачынае дэвальвавацца. Калі гэта так, то прагнозы наконт дэвальвацыі рубля могуць не ажыцьцявіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG