Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “Эўрапейскія структуры чарговы раз усьвядомяць свае перабольшаныя чаканьні датычна беларускага рэжыму”


Радыё Свабода Старшыня АГП Анатоль Лябедзька пра візыт прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэна ў Беларусь:

Лябедзька: “Сёньня мы канстатуем, што ёсьць новая якасьць сытуацыі. Узьніклі, няхай і невялікія, мажлівасьці для дыялёгу між эўрапейскай супольнасьцю і афіцыйным Менскам, між уладай і яе апанэнтамі. Што да пэрспэктывы, дык я да гэтага стаўлюся асьцярожна. Які будзе фармат удзельнікаў дыялёгу? Мы за тое, каб гэта быў трохбаковы дыялёг – улада, прыхільнікі пераменаў у Беларусі і міжнародныя арганізацыі. Затым: які будзе парадак дня? Для нас вельмі важныя пытаньні наступныя: палітычныя вязьні, кардынальная зьмена выбарчага заканадаўства і практыкі ўжываньня заканадаўства, доступ да электронных мэдыяў і свабода слова незалежным мэдыям.

Гэты візыт можа мець значэньне нават ужо тым, што чарговы раз эўрапейскія структуры ўсьвядомяць нейкія перабольшаныя чаканьні датычна беларускага рэжыму. Мы ня можам казаць “не” спробам наладзіць дыялёг у сытуацыі з новай якасьцю. Нам самім нават цікава, ці пойдзе ўлада на зьмену той стратэгіі, якой яна кіруецца 12 гадоў. Сёньня пэўныя падставы для гэтага ёсьць. Але трэба дзейнічаць з нацыянальных інтарэсаў, здаровага сэнсу -- і мяняць стратэгію. Я ня вельмі перакананы, што Лукашэнка нават псыхалягічна падрыхтаваны да гэтага. Але кропля камень точыць”.
XS
SM
MD
LG