Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“...У рэчаіснасці не чуліся і не былі прадстаўнікамі сваіх выбаршчыкаў-беларусаў” (1957)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты з газэт мінулых гадоў

“Звезда”, 1927 год. Падаецца паведамленьне з Зэмбінскага раёну:

“У сьнежні месяцы мінулага году ў райённых установах адбылася праверка ведаў па бел. мове. Выявілася, што служачыя ў гэтай галіне зрабілі значны крок наперад. Калі на першае сакавіка ведаючых бел. мову было ўсяго 20 процантаў, то цяпер аказалася ўжо 60. Гэта значнае дасягненьне можна прыпісаць таму, што адказныя работнікі, якія стаяць на чале ўстаноў, пачалі іначай глядзець на беларусізацыю, а таксама і служачыя павялі напружаную працу па вывучэньню бел. мовы. Усе аддзелы райвыканкому, за выключэньнем вайсковага, цалком перайшлі на бел. Мову”.

“Ніва” (Беласток), 1957 год. Газэта выказваецца на тэму выбараў у польскі Сейм:

“Беларусы добра памятаюць дзейнасць былога Сейма, дзе на працягу 4-х год ніколі і нічога не гаварылася аб хвалюючых нацыянальныя меншасці ў Польшчы справах. Добра памятаюць дзейнасць сваіх прадстаўнікоў у былым Сейме, сярод якіх былі таксама паслы-беларусы, якія ніколі не бачылі праблемы нацыянальных меншасцей, ніколі аб ёй не гаварылі на пасяджэннях Сейма {і ў рэчаіснасці не чуліся і не былі прадстаўнікамі сваіх выбаршчыкаў-беларусаў}”.

“Ніва”,1967.

“У нядзелю раніцай (8.1.1967) трагічна загінуў папулярны польскі акцёр Збігнеў Цыбульскі. У трагічны момант Цыбульскі знаходзіўся на галоўным вакзале ў Вроцлаве і хацеў ускочыць на хаду ў ад’язджаючы ўжо экспрэсны цягнік. Скачок не ўдаўся — акцёр трапіў паміж вагонамі і ў некалькі дзесяткаў мінут пасля выпадку памёр… Прыемная вестка прыйшла да нас з Прагі. Вядомы беларускі спявак Міхась Забэйда, які восенню 1965 года гастраляваў на Беласточчыне, атрымаў ад Чэшскага музычнага фонду прэмію за майстэрскае выкананне песень сучасных чэшскіх кампазітараў”.
XS
SM
MD
LG