Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Адам Міцкевіч<br><br>24.12.1798, в. Завосьсе (цяпер Баранавіцкі раён), паводле іншых зьвестак, Наваградак — 26.11.1855, Канстантынопаль, Турцыя.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Прызнаюся, я крыху вагаўся, перш чым зрабіць яго героем нашае перадачы. Апошнім аргумэнтам на карысьць гэтага сталася не чарговае падарожжа па ягонай роднай Наваградчыне і не перачытаныя лекцыі ў Калеж дэ Франс у Парыжы, дзе ён казаў пра “самую багатую, самую чыстую і выдатна распрацаваную” беларускую мову, на якой “размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек” (гэта ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя).

Апошні аргумэнт я атрымаў нядаўна ў Вільні, дзе мусіў таксама лекцыю — прачытаную адмыслова для мяне, беларуса з сумнеўнымі, з гледзішча гаспадара, поглядамі. Гэта была ўзьнёслая лекцыя пра геніяльнага літоўскага паэта Адомаса Міцкевічуса, пра яго захапленьне літоўскай гісторыяй, пра ягоную Радзіму — Літву, якую ён параўноўваў з здароўем... Шчыра кажучы, я быў уражаны, бо меркаваў, што падобныя лекцыі засталіся, прынамсі, у мінулым стагодзьдзі.

Памятаючы мудрыя словы Лао-цзы пра тое, што спрачаецца той, хто ня ведае, я спачатку вырашыў проста прыняць пачутае да ведама. Аднак суразмоўнік быў настроены ваяўніча, і я рызыкнуў пацікавіцца, а дзе ж Адомас прыйшоў на сьвет. “У ваколіцах Наўгардукаса”,— не змаргнуўшы вокам, адказаў мой візаві. Я папрасіў сказаць дакладней, дзе знаходзіцца гэты Наўгардукас, і ўсё ж змусіў “міцкявічусазнаўцу” да невялікай пярэрвы, пасьля якой, зрэшты, пачуў-такі ўдакладненьне: “Там, дзе каранаваўся вялікі князь Міндаўгас”.

У мяне чамусьці ня склалася ўражаньня, што мой апанэнт перажываў пераможныя пачуцьці. Праўда, не адчуваў сябе трыюмфатарам і я сам — пагатоў, успомніў, як у дні сьвяткаваньня 500-годзьдзя каранацыі Міндоўга ў Наваградку, БТ вуснамі нейкай юнай журналістачкі захоплена прашчабятала, што Літва адзначае юбілей каранацыі свайго вялікага князя Міндоўгаса, а сама гэтая падзея здарылася ў горадзе Наўгардукасе.

Спадзяюся, слухачы ведаюць, што ў гістарычным мінулым нашая Беларусь называлася Літвой, а яе жыхары — ліцьвінамі. Цудоўна ведаў гэта і Міцкевіч — гадаванец Віленскага ўнівэрсытэту, адзін зь лідэраў таемных патрыятычных таварыстваў філяматаў і філярэтаў, палітвысланец і эмігрант.

Уся свабодалюбная, прасякнутая нацыянальна-вызвольнымі ідэямі творчасьць гэтага генія, сына беларуса і габрэйкі, узгадаванага беларуска-польскім культурным памежжам (калі не памыляюся, у этнічнай Польшчы Міцкевіч за ўсё жыцьцё быў ня болей за два месяцы) проста дыхае Літвой-Беларусьсю.

Ягоныя рамантычныя вершы, баляды й паэмы грунтаваліся на беларускім гістарычным і фальклёрным матэрыяле, а асноваю сюжэту “Дзядоў” стаў наш старажытны абрад памінаньня продкаў. Ну а “Пана Тадэвуша” нездарма называюць энцыкляпэдыяй жыцьця беларускай шляхты пачатку ХІХ стагодзьдзя.

Безь яго беларуская літаратура была б іншай. Гэта маглі б засьведчыць і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, і Францішак Багушэвіч, і Янка Купала зь Якубам Коласам. Ну а Ўладзімер Караткевіч у прысьвечаным Міцкевічу эсэ, наўпрост зьвяртаючыся да выбітнага папярэдніка, сказаў: “Мяне ты зрабіў паэтам...” Гэтым словам папярэднічае народжаная Караткевічавай фантазіяй гісторыя аб тым, як у дзень свайго зыходу ў Вечнасьць (які стаў для аўтара “Маёй Іліяды” і “Каласоў...” днём прыходу на сьвет) Адам Міцкевіч абыходзіць кагадзе народжаных немаўлятаў і вызначае іх лёс.

Магчыма, цяпер яму весялей выпраўляцца ў гэтае падарожжа, бо да ранейшых помнікаў, пастаўленых Адаму на роднай беларускай зямлі, дадаўся — пасьля доўгага і амаль непрыстойнага валаводжаньня — і помнік у Менску. Праўда, масянжовага Пушкіна ў нашай сталіцы паставілі каля гатэлю “Беларусь”, а Міцкевіча, цудоўна ведаючы (ці адчуваючы), чый гэта паэт, пасадзілі каля сумна вядомай “Валадаркі”, дзе некалі сядзелі ягоныя знаёмыя, а цяпер адбываюць тэрмін многія з тых, хто таксама натхняецца ідэямі свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG