Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі адзначаецца Дзень выратавальніка


Галіна Абакунчык, Менск Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, колькасьць аварыяў, пажараў і няшчасных здарэньняў штогод павялічваецца. У пераважнай бальшыні яны здараюцца на прадпрыемствах краіны і дарогах.

Дзьве траціны зваротаў у службу выратаваньня здараюцца з прычыны пажараў. Усяго ж у 2006 годзе было каля 20 тысячаў выклікаў, што амаль на 30% больш, чым летась. Што людзі ведаюць пра службу выратаваньня, цікаўлюся ў мінакоў на сталічных вуліцах.

Карэспандэнтка: “Ці ведаеце вы чым займаецца служба выратаваньня? І ці даводзілася вам калі-небудзь зьвяртацца па дапамогу?”.

Юначка: “Мы-то ведаем: дапамагаюць у цяжкую хвіліну. Але зьвяртацца не даводзілася”.

Юнак: “Тушаць пажары, дапамагаюць падчас стыхійных бедзтваў”.

Спадарыня: “Выратавальнікі вы маеце на ўвазе? Дык усім, чым заўгодна займаюцца. Але я ні разу не зьвярталася да іх па дапамогу. Не здаралася такіх надзвычайных выпадкаў”.

Спадар: “Ніколі не зьвяртаўся, але цудоўна разумею: дапамога пры розных здарэньнях. У жыцьці усялякае бывае”.

Як паведаміў міністар па надзвычайных сытуацыях Энвер Барыеў, сапраўды беларуская служба выратаваньня сёньня здольная дапамагаць людзям у самых неспадзяваных здарэньнях. Прычым, ад выкліку брыгады ратавальнікаў да іхнага прыбыцьця на месца здарэньня праходзіць ня больш за 10 хвілін. Гаворыць Энвер Барыеў.

Барыеў: Мы рэагуем сёньня на любога характару просьбу пра дапамогу. У сытуацыях, якія выходзяць за рамкі побытавага выпадку і пагражаюць жыцьцю і здароўю чалавека. Нават такімі пытаньнямі, як восы, дзікія жывёлы – і гэтым выратавальнікам даводзілася займацца. І я вас запэўніваю, што гэта рабілася бясплатна”.

Самыя нестандартныя і небясьпечныя здарэньні на тэрыторыі Беларусі ў мінулым годзе адбываліся 19 разоў. Так, у Гомелі абрынуўся састарэлы мост, каля Чашнікаў ў газаправодзе прадпрыемства “Белтрансгаз” зьявілася дзірка, на прадпрыемстве Новалукомля было разьліта 200 кіляграмаў аміяку. Некалькі разоў выратавальнікі абясшкоджвалі знойдзеную ртуць, а таксама радыяактыўныя рэчывы.

Барыеў: “17 у нас службаў – гэта хімічнай і радыяцыйнай бясьпекі, вадалазна-выратавальная і кіналягічная, авіяцыйна-пошукавая і многія іншыя. Выратавальнік у нас – ён адначасна і хімік, і дазымэтрыст, альбо высотнік. Мы паставілі такую задачу, што кожны наш супрацоўнік павінны прайсьці навучаньне і атрымаць кваліфікацыю парамэдыка. І быць у стане аказаць далекарскую дапамогу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG