Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне змагаюцца за ўкраінскамоўнае кіно ў пракаце


Паўло Зуб’юк, Кіеў Папярэднім украінскім урадам пад кіраўніцтвам Юрыя Еханурава была прынята пастанова, паводле якой была ўведзена квота ўкраінскамоўнага кіно у пракаце. Памер квоты павінны меўся узрастаць штогод аж да абсалютнага дамінаваньня ўкраінскамоўнае кінапрадукцыі. З прыходам новага ураду квота была адменена праз суд.

Амаль адразу ж стартавала незалежная грамадзкая ініцыятыва “Кіно-пераклад”, асноўнай мэтай якой было абараніць прысутнасьць украінскае мовы ў кінатэатрах краіны.

Удзельнікі ініцыятывы сьцьвярджаюць, што дубляваная па-украінску кінапрадукцыя карыстаецца ня меншай папулярнасьцю, чым расейскамоўная.

Паўло Саладзько, адзін зь лідэраў ініцыятывы, лічыць, што насамрэч за нежаданьнем кінапракатчыкаў рабіць украінскамоўны дубляж хаваюцца звышпрыбыткі ад пракату завезеных з Расеі копій фільмаў.

Саладзько: “Дадзеныя па касавых зборах украінскамоўных фільмаў не адрозьніваюцца ад дадзеных па зборах расейскамоўных фільмаў – ні ў горшы, ні ў лепшы бок. Рэч у тым, што некаторыя дыстрыб’ютары зьяўляюцца пасярэднікамі, даччынымі прадпрыемствамі расейскіх фірмаў, якія валодаюць правам паказу ад галівудзкіх вытворцаў. Таму яны замест таго, каб наймаць, перакладчыкаў, арэндаваць студыі, рабіць пераклад, проста бяруць фільмы у сваіх расейскіх партнэраў і паказваюць іх”.

Паводле словаў спадара Саладзько, цяпер грамадзкім актывістам удалося паразумецца зь дзяржаўнымі структурамі, і ўжо хутка будуць вядомыя вынікі дзейнасьці ініцыятывы.

Саладзько: “Мы супрацоўнічаем зь дзяржаўнай службай кінематаграфіі, яны цяпер правялі круглы стол з дыстрыб’ютарамі. Чакаем ужо на наступным тыдні падпісаньне мэмарандуму, дзе будзе спроба знайсьці нейкі кампраміс”.
XS
SM
MD
LG